Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Місія ПАСЕ: Папраўкі ў выбарчым заканадаўстве Беларусі не ўлічваюць ключавыя рэкамендацыі міжнародных арганізацый

Гізэла Вурм. Фота прэс-службы Савета Еўропы
Гізэла Вурм. Фота прэс-службы Савета Еўропы

Нядаўна прынятыя папраўкі ў беларускае выбарчае заканадаўства не ўлічваюць ключавыя рэкамендацыі міжнародных арганізацый, у тым ліку Венецыянскай камісіі, гаворыцца ў заяве назіральнай місіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) паводле вынікаў папярэдняга візіту ў Беларусь, піша БелаПАН.

Як адзначаецца ў заяве, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ў справаздачы ПАСЕ гаварылася: "Беларусі неабходна правесці рэформу выбарчага заканадаўства для забеспячэння цалкам канкурэнтнага палітычнага асяроддзя, што з'яўляецца ключавой умовай для доўгатэрміновай дэмакратычнай стабільнасці".

Дэлегацыя, якая наведала Мінск, вітае працу міжведамаснай працоўнай групы, створанай у Беларусі ў лютым для паляпшэння выбарчага працэсу, але пры гэтым адзначае, што якія-небудзь рэкамендацыі гэтай групы будуць разглядацца толькі пасля правядзення парламенцкіх выбараў.

Адзначаецца, што ў маі кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла пра рашэнне прыняць некаторыя працэсуальныя змены з улікам рэкамендацый міжнародных арганізацый. Гэта, у прыватнасці, тычыцца працэдуры прызначэння складаў выбарчых камісій, паляпшэння магчымасцяў для назірання за падлікам галасоў, гарантый для датэрміновага галасавання. Дэлегацыя ПАСЕ спадзяецца, што ўсе гэтыя рашэнні будуць у поўнай ступені выкананыя.

Прадстаўнікі апазіцыі на сустрэчы з дэлегацыяй ПАСЕ паведамілі, што пры фарміраванні ўчастковых выбарчых камісій толькі 53 з 514 вылучаных прадстаўнікоў апазіцыйных партый былі ўключаныя ў склад камісій. "Палітычна ўраўнаважаны склад камісій з'яўляецца ключавым фактарам для таго, каб павялічыць давер выбаршчыкаў да працэсу выбараў", — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца таксама, што, паводле слоў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыі, некаторыя кандыдаты не былі зарэгістраваныя з-за фармальных прычын. Выбарчы кодэкс Беларусі не мае падрабязнага апісання працэдуры адбору і праверкі здадзеных подпісаў, у сувязі з чым прадстаўнікі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці выказваюць сумненні ў празрыстасці і сумленнасці гэтай працэдуры.

Місія ПАСЕ ўказвае на неабходнасць захадаў для забеспячэння празрыстасці працэсу датэрміновага галасавання і падліку гэтых галасоў.

У заяве адзначаецца, што за месяц да даты галасавання (11 верасня) выбарчая кампанія мала прыметная.

Дэлегацыя ПАСЕ заклікае ўлады забяспечыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі.

Папярэдняя місія ПАСЕ на чале са Гізэлай Вурм наведала Беларусь 9—10 жніўня. У яе склад увайшлі прадстаўнікі Нарвегіі, Чарнагорыі, Арменіі, Францыі, Польшчы і Італіі, у прыватнасці спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні. У верасні місія ПАСЕ вернецца ў Беларусь для назірання за выбарамі непасрэдна ў дзень галасавання.


Каментары