Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Асноўная прычына адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі на Віцебшчыне – прэтэнзіі да подпісаў

У Віцебску і ў Оршы адмовы ў рэгістрацыі атрымалі некалькі патэнцыйных кандыдатаў – прадстаўнікоў дэмакратычных рухаў і апазіцыйных партый.

Кандыдатам па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 не зарэгістравалі прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду”, прадпрымальніка Аляксандра Снарава. Абвешчаная прычына – вялікая колькасць подпісаў, прызнаных несапраўднымі. З вялікай колькасці ахвотных балатавацца па Віцебскай-Чкалаўскай  акрузе №18 (падалі заявы на рэгістрацыю 10 патэнцыйных кандыдатаў)  зарэгістравалі толькі  7 чалавек.

Праваабаронца Павел Левінаў, які прысутнічаў на працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў, каментуе сітуацыю:

“Атрымліваецца так, што “праходзяць” пераважна “патрэбныя” кандыдатуры. Напрыклад, у прадпрымальніка Снарава знайшлі больш за 26,8% сабраных подпісаў. Ён, як і пераважная колькасць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці, прадставіў больш за тысячу подпісаў. А вось спадар Занько, загадчык кафедры медыцынскага ўніверсітэта, прадставіў ажно 5 тысяч подпісаў. І, уявіце, там аніводнага працэнта несапраўдных подпісаў не знайшлося! Усё гэта выклікае вылікія сумневы ў аб’ектыўнасці такіх праверак!”

Зрэшты, для адмовы ў рэгістрацыі былі агучаны і іншы прычыны. Напрыклад, патэнцыйны кандыдат Уладзімір Кійко, вылучэнец ад Партыі БНФ, не быў зарэгістраваны па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20, бо назва прадпрыемства, дзе ён працуе, не адпавдае назве ў дзяржаўным рэестры. Яшчэ адзін вылучэнец ад Партыі БНФ, аршанец Віталь Паўлаў не быў зарэгістраваны, бо не ўказаў акцыі прадпрыемства, у якое, насамрэч, нічога не ўкладаў. У яшчэ аднаго аршанца, Ігара Грышанава, прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду”, нечакана “знайшоўся” стары аўтамабіль, даўно збыты, і таму не ўказаны ў дакуменах. Ізноў жа, былі пытанні і па якасці сабраных подпісаў.

Зараз тыя, каго не зарэгістравалі кандыдатамі, абмяркоўваюць з праваабаронцамі магчымасці аспрэчыць адмовы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары