Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Шклоў: з 5 прэтэндэнтаў зарэгістраваны 4 кандыдаты, у тым ліку -- Рыгор Кастусёў

11 жніўня ў Шклове адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90.

На пасяджэнні камісіі было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 прадставілі 5 чалавек: вылучэнец ад Партыі БНФ, намеснік старшыні ПБНФ Рыгор Кастусёў; вылучаны Ліберальна-дэмакратычнай партыяй дырэктар прыватнага гандлёва вытворчага ўнітарнага прадпрыемства Сяргей Сяўко; памочнік прэзідэнта - галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў; дырэктар ДУА “СШ №1 г. п. Бялынічы імя М. І. Пашкоўскага” Таццяна Балдышэўская і жыхар вёскі Бахані Бялыніцкага раёна Алег Лістападаў.

Яшчэ адзін прэтэндэнт у кандыдаты, падтрымку якому аказвала кампанія “Гавары праўду”, бялыніцкі прадпрымальнік Пётр Шымбалёў датэрмінова спыніў збор подпісаў і дакументы на вылучэнне ў якасці кандыдата ў камісію не прадстаўляў. Па словах Пятра Шымбалёва, ён зразумеў марнасць намаганняў дабіцца станоўчага выніку пры існуючай у краіне сітуацыі і вырашыў не вылучацца кандыдатам. Разам з тым, Пётр Шымбалёў кажа пра тое, што зараз ён збіраецца дапамагаць у вядзенні перадвыбарчай кампаніі ў Шклоўскай выбарчай акрузе вылучэнцу ад Партыі БНФ Рыгору Кастусёву.

У выніку разгляду дакументаў камісія зарэгістравала чатырох кандыдатаў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90 – Рыгора Кастусёва, Сяргея Сянько, Дзмітрыя Гобарава і Таццяну Балдышэўскую. Пры праверцы падпісных лістоў у падтрымку вылучэння Алега Лістападава акруговай камісіяй было выяўлена 26% несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, таму Алегу Іванавічу было адмоўлена ў рэгістрацыі.

Сам Алег Лістападаў ніяк не каментуе рашэнне акруговай камісіі, ён адразу ж сышоў з пасяджэння пасля агалошвання вынікаў праверкі падпісных лістоў.

Дэмакратычныя актывісты Бялыніцкага раёна лічаць, што дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Шклоўскай выбарчай акругі №90 стане Дзмітрый Гобараў, на прасоўванне кандыдатуры якога задзейнічаны ўвесь адміністрацыйны рэсурс “вертыкалі ўлады” рэгіёна.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары