Магілёўскі назіральнік абскардзіў вынесенае папярэджанне
Назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта ў акруговай камісіі Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №86 Барыс Бухель падаў скаргу у абласную камісію на папярэджанне, вынесенае старшынёй АВК.
Нагадаем, што 5 жніўня старшыня камісіі Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №86 Аляксандр Кажамякін вынес папярэджанне Барысу Бухелю. На яго думку, назіральнік перашкаджаў працаваць камісіі і публікаваў недакладныя дадзеныя.
Як гаворыцца ў скарзе Барыса Бухеля, Кажамякін адмовіўся даць яму для абскарджання пісьмовую копію папярэджання. "Для ўсіх дзяжурных членаў любых выбаркамаў першачарговым прамым абавязкам з'яўляецца адказваць і тлумачыць сваю пазіцыю ўсім выбаршчыкам, якія заходзяць да іх, у тым ліку і зарэгістраваным назіральнікам па ўзніклых у іх пытаннях, а не толькі прымаць заявы і скаргі", - сцвярджае Бухель. Паводле яго, 2 жніўня ён прыйшоў у камісію задаць тры пытанні - калі будзе адказ на ранейшую заяву, калі намечана пасяджэнне камісіі, колькі здадзена дакументаў і за каго. "Мне даваць інфармацыю адмовіліся, я стаў настойваць, сказаў, што гэта публічная інфармацыя", - сказаў Бухель.
Назіральнік указвае на неадпаведнасць рэчаіснасці сцвярджэння Кажамякіна, што назіральнік нібыта патрабаваў прадставіць яму дакументы, якія падалі асобы, маючыя намер вылучыцца ў якасці кандыдатаў.
Таксама, паводле назіральніка, не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне Кажамякіна, што Бухель нібыта публікаваў недакладную інфармацыю. "Пры гэтым ён не патлумачыў, што гэта за інфармацыя і дзе яна была апублікаваная", - адзначае праваабаронца.
"Я ж са свайго боку сцвярджаю, што ні ў інтэрнэце, ні дзе-небудзь у друку я не распаўсюджваў недакладнай інфармацыі аб працы АВК №86", - піша Барыс Бухель.
Ён просіць абласную выбарчую камісію адмяніць афіцыйнае папярэджанне, вынесенае яму Кажамякіным і запісанае ў пратакол пасяджэння АВК №86 ад 5 жніўня 2016 года, як незаконнае і неабгрунтаванае. Таксама Бухель просіць аблвыбаркам прыняць меры да недапушчэння кіраўніцтвам АВК №86 падобных парушэнняў у будучым.