Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Адміністрацыйныя справы, распачатыя за спевы на пікеце па зборы подпісаў, віцебская міліцыя скасавала

Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгі Станкевіч падчас пікета 27 ліпеня 2016 года ў Віцебскую
Алена Шабуня, Таццяна Севярынец і Георгі Станкевіч падчас пікета 27 ліпеня 2016 года ў Віцебскую

Паведамленні пра гэта атрымалі Таццяна Севярынец, Алена Шабуня і Гяоргі Станкевіч, якіх вінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванай масавай акцыі паводле рапарта намесніка начальніка міліцыі грамадскай бяспекі палкоўніка Ігара Скарыновіча.

Спадар Скарыновіч убачыў прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння ў дзеяннях актывістаў 27 ліпеня. У той дзень Таццяна Севярынец, Алена Шабуня і Георгі Станкевіч праводзілі супольны пікет па зборы подпісаў, а таксама віншавалі мінакоў з угодкамі прыняцця дэкларацыі пра суверэнітэт Беларусі і спявалі пад гітару гімн “Магутны Божа”.

Пазней усіх трох выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС да ўчастковага Сяргея Раманчука, які прадэманстраваў актывістам відэазапіс міліцэйскага аператара і рапарт палкоўніка Скарыновіча. Пасля гэтага Таццяна Севярынец падала скаргу кіраўніцтву абласной управы МУС: на яе думку, намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі прадэманстраваў няведанне выбарчага заканадаўства, а таксама парушыў свае прафесійныя абавязкі.

У Кастрычніцкім райаддзеле актывістам паведамілі, што супраць іх распачатыя адміністрацыйныя справы за парушэнне артыкула 23.34. Але праз некалькі дзён справы былі скасаваныя. Ці будуць ужытыя нейкія захады супраць палкоўніка Ігара Скарыновіча, рапарт якога з’явіўся прычынай для беспадстаўных абвінавачанняў і лішніх праверак, пакуль невядома – адказу з абласной управы МУС пакуль няма.

10 жніўня Таццяну Севярынец, Алену Шабуню і Георгія Станкевіча зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары