Крычаўскі камуніст паскардзіўся ў пракуратуру на акруговую камісію і праўладнага кандыдата ад КПБ
Член Камуністычнай партыі Беларусі, былы прэтэндэнт у кандыдаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Уладзімір Ушакоў 10 жніўня накіраваў заяву ў пракуратуру Крычаўскага раёна.
Уладзімір Ушакоў просіць пракуратуру правесці праверку па ўказаных ім фактах парушэнняў заканадаўства падчас арганізацыі выбарчай кампаніі, аднавіць яго ў грамадзянскіх правах, прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.
У заяве ў пракуратуру Уладзімір Ушакоў абвінавачвае акруговую выбарчую камісію Крычаўскай выбарчай акругі №83 і персанальна намесніка старшыні акруговай выбарчай камісіі, начальніка арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіла Мяшкуру ў арганізацыі ціску на чальцоў ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Спадар Ушакоў сцвярджае, што Міхаіл Мяшкура прымусіў адмовіцца ад удзелу ў ініцыятыўнай групе па яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты некалькіх чалавек, спасылаючыся на іх сталы ўзрост. Уладзімір Фёдаравіч таксама лічыць, што з мэтай пропуску ім тэрмінаў абскарджвання рашэння камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за яго вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Міхаіл Мяшкура адмыслова накіраваў яму адпаведны ліст у пятніцу вечарам праз пошту. У выніку прэтэндэнт у кандыдаты прапусціў тэрміны абскарджвання рашэння камісіі аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Уладзімір Ушакоў лічыць, што ў выніку незаконных дзеянняў М. Мяшкуры парушана яго законнае права абірацца і быць абраным у органы дзяржаўнай улады, парушана права грамадзян на ўдзел у выбарчай кампаніі, прыніжана чалавечая годнасць членаў яго ініцыятыўнай групы.
Таксама ў заяве ў пракуратуру спадар Ушакоў піша, што іншы прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Таццяна Марачкава была прынятая ў КПБ заднім чыслом, калі яе дакументы на вылучэнне ад з’езда КПБ былі ўжо ў ЦК КПБ у Мінску. На момант рэгістрацыі яе ініцыятыўнай групы Таццяна Марачкава не з’яўлялася членам КПБ, хоць указала ў дакументах партыйнасць у КПБ, тым самым падмануўшы акруговую камісію.
Уладзімір Ушакоў лічыць, што Таццяна Марачкова прынятая ў КПБ незаконна, бо на партыйным сходзе, на якім разглядалася яе заява аб прыёме ў партыю, не было патрэбнага кворума.
Нагадаем, што акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групе Уладзіміра Ушакова на падставе артыкула 65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Пенсіянер, член КПБ Уладзімір Ушакоў раней узначальваў адну з гаспадарак у Крычаўскім раёне. Нягледзячы на сталы ўзрост, ветэран працы актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, пры гэтым вельмі крытычна ставячыся да сучаснага кіраўніцтва Крычаўскага раёна.
Старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Марачкава з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам ад улады ў Крычаўскай выбарчай акрузе №83. У Крычаўскім раёне зафіксавана шмат фактаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Таццяны Барысаўны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Ініцыятыўная група сабрала за вылучэнне старшыні Крычаўскага райсавета аж 15 273 подпісы выбаршчыкаў.