Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Маладзечна: інфармацыя пра зарэгістраваных кандыдатаў з’явілася на сайце выканкама яшчэ да паседжання камісіі

Шыльда акруговай камісіі Маладзечанскай сельскай акругі № 73.
Шыльда акруговай камісіі Маладзечанскай сельскай акругі № 73.

Маладзечна: інфармацыя пра зарэгістраваных кандыдатаў з’явілася на сайце выканкама яшчэ да паседжання акруговай камісіі

9 жніўня на паседжанні акруговай выбарчай камісіі Маладзечанскай сельскай акругі № 73 адбылася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. З чатырок прэтэндэнтаў былі зарэгістраваны тры.  Сярод іх -- галоўны эканаміст сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Хажоваагра-2009» Лідзія Аноп, якая здала 1099 подпісаў; кіраўнік справамі Мінаблвыканкаму Іван Маркевіч, які здаў 5781 подпіс (ён жа быў вылучаны і калектывам Валожынскай аграпрамтэхнікі), і Уладзімір Смаляк, вылучаны Аб’яднанай грамадзянскай партыяй.

Было адмоўлена ў рэгістрацыі актывісту грамадзянскай кампаніі супраць пабудовы ў Маладзечанскім раёне буйных свінакомплексаў, прадстаўніку БХД Паўлу Пракаповічу, які, па звестках камісіі, здаў 999 подпісаў. Сам Пракаповіч сцвярджае, што здаў больш подпісаў і збіраецца абскарджваць сваю нерэгістрацыю.

Што цікава, яшчэ да рэгістрацыі і да самога дня паседжання акруговай камісіі на сайце райвыканкама ў апублікаваных там звестках аб асобах, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты, прозвішча Пракаповіча адсутнічала.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары