Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомельская вобласць: зарэгістравалі кандыдатамі не ўсіх жадаючых

У Гомелі і Рэчыцы 10 жніўня прайшлі паседжанні акруговых камісій па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Пра вынікі рэгістрацыі і адмовы расказалі назіральнікі ад БХК, якія прысутнічалі на паседжаннях.

Па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36 планавалі балатавацца пяць чалавек, якія і падалі адпаведныя пакеты дакументаў, але зарэгістраваны былі чатыры кандыдаты. Сябра КПБ, старшыня абласной арганізацыі «Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа» Ала Смаляк напісала ў акруговую камісію заяву, што адмаўляецца балатавацца на стане здароўя. Такім чынам, як адзначае назіральнік Алесь Яўсеенка, па Навабеліцкай акрузе былі зарэгістраваны чатыры кандыдаты: дзеючы дэпутат ПП НС Алена Астапюк, сябра партыі левых «Справядлівы свет» Віктар Хоміч, сябра ЛДПБ Аляксандр Праведны і сябра КПБ Мікалай Шкірэеў.

Таксама на паседжанні абмяркоўваліся арганізацыйныя пытанні. Віктар Хоміч (“Справядлівы свет”) папярэдзіў камісію, што ў выпадку, калі ў агітацыйных плакатах камісія зноў, як было на мінулых выбарах, падасць пра яго недакладную інфармацыю, і ён будзе таксама пазбаўлены права сустрэцца з працоўнымі калектывамі, ён будзе вымушаны звярнуцца ў суд і зняць сваю кандыдатуру ў знак пратэсту супраць несумленных выбараў. У час мінулай кампаніі па выбарах у парламент Віктар Хоміч падаў звесткі для агітацыйнага плакату, што ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, працаваў у камісіі па пераадольванні наступстваў катастрофы на ЧАЭС, але гэтая інфармацыя не з’явілася на плакатах. Таксама ён быў пазбаўлены права сустрэцца з працоўнымі калектывамі, у той час калі праўладныя кандыдаты маглі гэта зрабіць. Кандыдат выказаў жаданне выступіць у дэбатах, але іншыя кандыдаты пакуль адмоўчваюцца.

Па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе №33 былі зарэгістраваны шэсць кандыдатаў, а прэтэндэнтаў было сем. Аднаму было адмоўлена ў рэгістрацыі з-за недакладных дадзеных па прыбытках, - распавёў назіральнік ад БХК Віктар Адзіночанка. Так, Алег Гарбенка, галоўны інжынер аднаго з расійскіх прадпрыемстваў, беспартыйны, адзначыў, што не мае прыбыткаў і жыве на сродкі сваёй грамадзянскай жонкі. Падатковая ж удакладніла, што дадзены грамадзянін выігрываў у казіно, і адзін з буйных выйгрышаў складаў 11 мільёнаў рублёў (да дэнамінацыі). Таму акруговая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі. Таксама ўзніклі пытанні і да прэтэндэнта ад партыі «Зялёных» Юрыя Глушакова, які не ўказаў у дэкларацыі адзін з ганарараў (кандыдат супрацоўнічае з рознымі выданнямі як пазаштатны карэспандэнт). Але дадзены ганарар быў у суме меншы за 20% ад прыбыткаў, таму акруговая камісія зарэгістравала Юрыя Глушакова кандыдатам.

Таксама па Цэнтральнай акрузе былі зарэгістраваныя Алег Леўшуноў (дзеючы дэпутат ПП НС), Яўген Тржэнсімех (ЛДП), Андрэй Ляшэнка (КПБ), Аляксандр Шарыпаў (АГП), Аляксандр Дзенісенка (БСДПГ).

Па Рэчыцкай акрузе №44 падалі дакументы на рэгістрацыю чатыры прэтэндэнты, і ўсе былі зарэгістраваны. Так, па словах назіральніка Валерыя Пуціцкага, кандыдатамі сталі Баляслаў Пірштук (намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкаму), Яўген Жукаў (БСДПГ), Максім Дашэўскі (ЛДП), Іна Маненкова (беспартыйная, актывістка кампаніі «Гавары праўду»). Назіральнік заўважыў такую асаблівасць: на паседжанне акруговай камісіі адзін з прэтэндэнтаў, Баляслаў Піртшук, намеснік старшыні аблвыканкаму, прыйшоў разам са старшынёй акруговай камісіі Георгіем Якушавым.

«Цікавая акалічнасць: у акруговай камісіі лічыцца членам Дзмітрый Парашчанка, ад «Сацыяльна-дэмакратычнай партыі народнай згоды», але ніводнага разу я яго не бачыў на паседжаннях камісіі. Вось такія партыйцы трапляюць у камісіі, але потым нават паседжанні не наведваюць», - зазначыў Валер Пуціцкі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары