Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Мазыр: назіральніку далі праглядзець подпісы, якія сталі падставай для нерэгістрацыі кандыдата

Праваабаронца Уладзімір Целяпун.
Праваабаронца Уладзімір Целяпун.

10 жніўня адбылося паседжанне акруговай камісіі Мазырскай выбарчай акругі №42. З шасці пытанняў парадку дня паседжання асноўным было першае – рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У акруговую выбарчую камісію былі пададзены дакументы ад чатырох прэтэндэнтаў. Па  чарзе падачы дакументаў у АВК і разглядалася пытанне рэгістрацыі.

Першым быў Мікалай Расоха, дзеючы дэпутат ПП НС РБ, які вылучаўся як шляхам збору подпісаў грамадзян, так і ад двух працоўных калектываў – ААТ “Рэмспецбуд” і КПУП “Мазырскія малочныя прадукты”.

Мазыр. Кандыдат у дэпутаты Мікалай Расоха (другі злева).

Другім – Іван Шабан,  аператар на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях па дрэваапрацоўцы  ААТ «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат». Вылучаўся шляхам збору подпісаў і ад ЛДПБ.

Мазыр. Кандыдат у дэпутаты Іван Шабан

Трэці прэтэндэнт – Валерый Панкратаў, начальнік цэха ПВХ Таварыства з дадатковай адказнасцю «ДАХ» (г. Гомель). Вылучаўся ад Беларускай партыіі левых «Справядлівы свет».

Да гэтых трох прэтэндэнтаў пытанняў па пададзеных дакументах не было, і іх зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.

Чацвёртаму прэтэндэту было адмоўлена ў рэгістрацыі – Раману Скуратоўскаму, аператару таварнага ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод», беспартыйнаму. Ён вылучаўся шляхам збору подпісаў. 80,7% адабраных для праверкі подпісаў аказаліся несапраўднымі. Асноўнай прычынай несапраўднасці подпісаў, як было названа, тала тое, што даты былі прастаўлены не ўласнаручна выбаршчыкамі, а подпісы былі зроблены за іншых грамадзянін. Гэта было так відавочна, што намеснік старшыні акруговай выбарчай камісіі Вераніка Байкова сама прапанавала назіральніку ад “Беларускага Хельсінкскага камітэта” Уладзіміру Целяпуну прагледзець гэтыя адабраныя для праверкі подпісы. Пры гэтым на паседжанні там прысутнічалі таксама і назіральнікі ад КПБ і арганізацыі ветэранаў.

Мазыр. Раман Скуратоўскі, які не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

Раней Уладзіміру Целепуну было адмоўлена і Мазырскай АВК, і Гомельскай абласной азнаёміцца з пададзенымі дакументамі ў камісію і прысутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў.

“Подпісы насамрэч былі вельмі неахайна сабраныя і здадзеныя ў камісію. Нават подпіс члена акруговай камісіі А.Болсуна аказаўся несапраўдным і подпіс маці намесніка старшыні АВК В. Байковай не вытрымаў праверкі на сапраўднасць, – адзначае назіральнік. – Аднак тое, што мне прапанавалі прагледзець подпісы Р. Скуратоўскага, не сведчыць пра змяненне стаўлення Мазырскай выбарчай камісіі да адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу. Сама працэдура праверкі подпісаў і азнаямлення з дакументамі ў АВК заставалася закрытай і абмежаванай для назірання” – падкрэсліў Уладзімір Целяпун.

Назіральнік адзначае, што яму не была зроблена заўвага на знаходжанне на стале дыктафона і запіс паседжання, фатаграфаванне прэтэндэнтаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары