Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Рагачоўская раёнка піярыць праўладнага кандыдата і здзекуецца з апазіцыі

З публікацыі ў газеце "Свабоднае слова". Рагачоў
З публікацыі ў газеце "Свабоднае слова". Рагачоў

Рагачоўская раённая газета «Свабоднае слова» аддала сваю плошчу пад піяр цяперашняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіслава Шчэпава, які збіраецца балатавацца на другі тэрмін. Так, дэпутат у межах дабрачыннай акцыі наведаў першакласніка з мнагадзетнай сям’і ў вёсцы Стары Доўск і падарыў хлопчыку партфель.
«Але сюрпрыз чакаў не толькі першакласніка: народны выбраннік уручыў яркія энцыклапедыі яго старэйшым братам Максіму і Віталю, а таксама сястры Валерыі», - піша раёнка.
Дэпутат кажа, што «не ўсе могуць дазволіць апрануць сваё дзіця ў шыкоўнае адзенне, купіць дарагі партфель». «А трэба, каб для ўсіх дзяцей 1 верасня было святам. У славян заўсёды прысутнічаў калектывізм. Трэба дапамагаць людзям, асабліва тым, хто не па сваёй віне трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю», - распавёў Уладзіслаў Шчэпаў «Свабоднаму слову».
Газету нельга папікнуць, што піша толькі пра аднаго прэтэндэнта на дэпутацкі мандат. Так, «Свабоднае слова» днямі напісала і пра апазіцыйнага прэтэндэнта Дзяніса Дашкевіча, у артыкуле пад загалоўкам «Пікет апазіцыі атрымаўся малалюдны і кепска арганізаваны».
Аўтар падпільнаваў, калі інфармацыйны стэнд са здымкам і біяграфіяй прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат Дзяніса Дашкевіча і Уладзіміра Літоўчанкі, зваліўся ад ветру, і даў у газету гэты здымак. Пікет жа выданне называе «поўным правалам». Маўляў, на яго прыйшлі толькі пяць чалавек, ды і тыя – сваякі і блізкія знаёмыя прэтэндэнтаў.
«Сімвалічным вынікам правалу акцыі апазіцыянераў у Рагачове стала падзенне на асфальт іх сцягу і інфармацыйных стэндаў. Сведкі здарэння расцанілі гэта як знак, які прадказвае паразу апазіцыі на будучых выбарах», - упэўнены аўтар артыкулу.

З публікацыі ў газеце


А ў каментарах да дадзенай інфармацыі пішуцца спасылкі на афіцыйны сайт Уладзіслава Шчэпава, маўляў, вось за каго трэба галасаваць.


“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
 


Каментары