Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Маладзечна: назіральніку адмоўлена ў магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў

Праваабаронца Аляксандр Капуцкі.
Праваабаронца Аляксандр Капуцкі.

Акрэдытаваны ад Беларускага Хельсінкскага камітэта назіральнік у акруговай камісіі Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі №73 Алесь Капуцкі пісьмова звяртаўся да камісіі з просьбай прадставіць яму магчымасць  прысутнічаць пры праверцы подпісаў і дакументаў па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Сваю просьбу Алесь Капуцкі аргументаваў артыкулам 13 Выбарчага кодэкса, згодна з якім “падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляецца адкрыта і галосна”.

У адказе за подпісам старышыні акруговай камісіі Юрчыка С.В. таксама даецца спасылка на артыкул 13 ВК, указваецца на прынцып адкрытасці і галоснасці, добрасумленна перапісаны з Кодэкса правы назіральніка, а таксама тое, што рабіць назіральнік права не мае, апісваецца працэдура праверкі пададзеных на рэгістрацыю дакументаў выбарчай камісіяй, а далей ідзе выснова: “Такім чынам, з вышэйпададзенага вынікае, што праверка подпісаў выбаршчыкаў і адпаведных ім дадзеных, якія змяшчаюцца ў падпісных лістах, у падтрымку меркаваных кандыдатаў у дэпутаты і дакументаў, прадстаўленых у камісію для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, уваходзіць у кампетэнцыю членаў акруговай выбарчай камісіі, а не назіральніка. Гэтак жа прысутнасць назіральніка пры правядзенні праверкі не агаворана ў Выбырчым кодэксе Рэспублікі Беларусь. На падставе вышэйсказанага Ваша просьба не адпавядае нормам Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і не можа быць задаволена”.

Алесь Капуцкі накіраваў скаргу на адмову ў магчымасці назірання за этапам праверкі подпісаў і пададзеных дакументаў для рэгістрацыі кандыдатаў у Мінскую абласную камісію.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары