Аналітычная тыднёвая справаздача па выніках назірання: 1 - 7 жніўня 2016 года
Назіранне ажыццяўляюць РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
ВЫСНОВЫ
– 2 жніўня завяршыўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Па звестках ЦВК, у 110 выбарчых акругах было вылучана 630 кандыдатаў. Палова з іх (50,6%) вылучана палітычнымі партыямі, 32% – грамадзянамі шляхам збору подпісаў, 17,4% – працоўнымі калектывамі. 23% з вылучаных кандыдатами – жанчыны. Сярод усіх вылучаных 4,4% з’яўляюцца дзеючымі дэпутатамі парламента;
– за адным выключэннем усе суб’екты выбарчага працэсу маглі падаць дакументы на рэгістрацыю ў адпаведныя АВК без істотных перашкодаў;
– як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў большасці выпадкаў адмоўлена ў магчымасці назіраць за праверкай подпісаў выбаршчыкаў аб вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты;
– пасяджэнні АВК па праверцы подпісаў, як і раней, адбываюцца ў закрытым для назіральнікаў рэжыме і носяць непразрысты характар. Па меркаванні экспертаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», непразрыстасць працэдур праверкі подпісаў стварае магчымасці для маніпуляцый і палітычна матываваных падыходаў пры прыняцці рашэнняў аб адмове ў рэгістрацыі ці рэгістрацыі канкрэтнага кандыдата ў дэпутаты;
– рашэннямі мясцовых выканаўчых органаў улады былі вызначаныя месцы для правядзення перадвыбарчых сустрэч з выбаршчыкамі. У асноўным гэтыя рашэнні палепшылі ўмовы для агітацыі ў параўнанні з папярэднімі выбарамі, аднак у некаторых гарадах падыходы выканкамаў насілі абмежавальны характар;
– на працягу тыдня адбыліся судовыя разгляды скаргаў на рашэнні выканкамаў аб адмовах ва ўключэнні ў склад УВК. Паводле інфармацыі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», раённымі судамі было разгледжана 13 такіх скаргаў, з якіх ніводная не была задаволена. Варта адзначыць адсутнасць поўнай афіцыйнай інфармацыі аб колькасці пададзеных скаргаў у выбарчыя камісіі розных узроўняў і ў суды. Сайты мясцовых выканаўчых органаў у большасці выпадкаў не размяшчаюць такую інфармацыю. Няма яе і на сайце ЦВК;
– у цэлым кампанія працягвае заставацца малацікавай і не заўважнай для грамадзян. Дзяржаўныя СМІ, у асноўным, абмяжоўваюцца інфармацыяй агульнага характару або публікуюць матэрыялы аб праўладных кандыдатах, асвятляюць іх грамадскую і прафесійную дзейнасць, што ў шэрагу выпадкаў носіць прыхаваны агітацыйны характар.