Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Жодзінская акруговая камісія: матэрыялы не раздаваліся, а “даваліся людзям для азнаямлення толькі на пікеце”

Жодзіна. Пікет па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатам Дзмітрыя Заблоцкага.
Жодзіна. Пікет па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатам Дзмітрыя Заблоцкага.

3 жніўня акруговая камісія Жодзінскай выбарчай акругі №64 разгледзела зварот назіральніка Аляксея Лапіцкага адносна законнасці раздачы сябрамі ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Заблоцкага на пікеце па зборы подпісаў каляровых прэзентацыйных плакатаў пра прэтэндэнта ў кандыдаты.

Гэта быў ужо другі зварот назіральніка па гэтым пытаннні. Першы раз камісія не стала нават ацэньваць законнасці дзеянняў сябраў ініцыятыўнай групы, а засяродзілася на тым, што назіральнік не прадставіў фота ці відэадоказаў самога “моманту перадачы выбарчай прадукцыі пікетоўцамі грамадзянам”. Камісія не стала браць пад увагу, што сябры ініцыятыўнай групы не адмаўлялі раздачу матэрыялаў, і гэта было зафіксавана назіральнікам на аўдыё і прадстаўлена камісіі.

У адказе на другі зварот Аляксея Лапіцкага за подпісам старшыні акруговай камісіі Сяргея Афанасенкава ўжо гаворыцца, што камісія разгледзела апублікаваныя назіральнікам матэрыялы, а таксама апытала сябраў ініцыятыўнай групы Дз. Заблоцкага, якія праводзілі пікет 12 ліпеня каля крамы “Белмаркет”. “На пікеце былі раскладзены матэрыялы з біяграфічнымі данымі Заблоцкага Дз.В. у некалькіх экземплярах, якія даваліся людзям для азнаямлення толькі на пікеце. Факты раздачы матэрыялаў не зафіксаваны”.

Разам з тым, самі ж сябры ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Заблоцкага падчас пікета паведамілі назіральніку, што “даюць людзям плакаты, калі тыя просяць пра гэта”.

У сувязі з такім адказам Аляксей Лапіцкі падрыхтаваў і зарэгістраваў 4 жніўны новы зварот, у якім просіць прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі па ягонай заяве адносна незаконных дзеянняў ініцыятыўнай групы падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Дзмітрыя Заблоцкага, паведамляе сайт licviny.info.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

http://elections2016.spring96.org/


Каментары