Акруговая камісія запатрабавала дадатковыя дакументы ад прэтэндэнта у кандыдаты ад Партыі БНФ
6 жніўня прэтэндэнту ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе №88 Мікалаю Мяцеліцу патэлефанавалі з акруговай выбарчай камісіі і паведамілі, што ён павінен у гэты ж дзень прадставіць у камісію копію працоўнай кніжкі і пасведчанне сябра Партыі БНФ.
Па словах Мікалая Мяцеліцы, ён быў вельмі здзіўлены такім патрабаваннем з боку акруговай камісіі, бо пры падачы дакументаў аб вылучэнні ад Партыі БНФ у акруговую камісію ён прадаставіў даведку з месца працы і завераны старшынёй Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам дакумент, які пацвярджае яго сяброўства ў партыі.
Мікалай Мяцеліца пракансультаваўся з сябрамі па партыі і вырашыў не выконваць дадатковых патрабаванняў акруговай камісіі, бо лічыць іх незаконнымі. Мікалай Міхайлавіч кажа, што ён сам з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам у стадыі ліквідацыі, але свой даход за мінулы год ён атрымліваў як спецыяліст па продажах у індывідуальнага прадпрымальніка Мяцеліцы Анжэлы Генадзьеўны, сваёй жонкі. Пра гэта было ясна патлумачана ў прадастаўленых ў акруговую камісіію дэкларацыі аб даходах і маёмасці і даведцы з места працы.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што акруговая камісія Магілёўскай сельскай выбарчай акругі №88 яўна перавышае свае паўнамоцтвы. “У акруговую камісію, у строгай адпаведнасці з заканадаўствам, Мікалаем Мяцеліцам быў прадастаўлены падпісаны старшынёй Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам дакумент, які пацвярджае яго сяброўства ў Партыі БНФ. І камісіі ніякім чынам не датычыцца, ёсць у Мікалая Мяцеліцы пасведчанне сябра партыі, ці не, гэта проста не яе справа”.
Патрабаванне акруговай камісіі Магілёўскай сельскай выбарчай акругі №88 да Мікалая Мяцеліцы гучыць тым больш дзіўна, бо спадар Мяцеліца даўно з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, і гэта ні для каго не з’яўляецца сакрэтам.
Мікалай Мяцеліца вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Магілёўскай сельскай выбарчай акрузе №88 на з’ездзе Партыі БНФ 23 ліпеня 2016 г. Дакументы на рэгістрацыю ў акруговую выбарчую камісію ён падаў 29 ліпеня.
Усяго дакументы аб вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на рэгістрацыю ў акруговую выбарчую камісію Магілёўскай сельскай выбарчай акругі падалі сем прэтэндэнтаў у кандыдаты: намеснік дырэктара па выхаваўчай працы ДУА “Кадзінская сярэдняя школа” беспартыйная Наталля Тарасенка, а таксама партыйныя вылучэнцы – намеснік старшыні ЛДПБ Анатоль Хішчанка, прадстаўнік АГП Уладзімір Шанцаў, сябар Партыі БНФ Мікалай Мяцеліца, член БСДП (Грамада) Дзмітрый Люнтаў, член Беларускай патрыятычнай партыі Аляксандар Какоранка і сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Ірхо.