Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прэтэндэнт у кандыдаты з КПБ аспрэчвае законнасць вылучэння іншага кандыдата ад партыі (дакумент)

Прэтэндэнт у кандыдаты з Крычава, член Камуністычнай партыі Беларусі Уладзімір Ушакоў накіраваў на імя рэдактара незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага ліст, у якім абвінавачвае чальцоў акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 у ціску на членаў сваёй ініцыятыўнай групы.

Нагадаем, што ініцыятыўнай групе па вылучэнню кандыдатам у дэпутаты пенсіянера, члена КПБ Уладзіміра Ушакова акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 адмовіла ў рэгістрацыі на падставе артыкула 65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У лісце да рэдактара “Вольнага горада” Уладзімір Ушакоў сцвярджае, што прадстаўнікі акруговай камісіі адмыслова ціснулі на чальцоў яго ініцыятыўнай групы, каб мець падставу для адмовы ў рэгістрацыі. Па меркаванні спадара Ушакова, акружная камісія атрымала ўказанне зменшыць колькасць прэтэндэнтаў у кандыдата па Крычаўскай акрузе №83, паколькі “старшыня раённага Савета дэпутатаў Марачкава Т. Б. тэрмінова “прапіхвалася” ў кандыдаты”.

Таццяна Марачкава, якая з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам ад улады ў Крычаўскім раёне, была “заднім чыслом” прынятая ў члены КПБ на пазачарговым сходзе раённай арганізацыі і вылучалася кандыдатам у дэпутаты ў тым ліку як і вылучэнка ад Камуністычнай партыі Беларусі. Камуніст Уладзімір Ушакоў піша пра тое, што пра правядзенне сходу не паведамілі яму і цэламу шэрагу іншых членаў раённай арганізацыі КПБ. Па меркаванні спадара Ушакова, на сходзе наогул не было неабходнага кворуму для прыняцця рашэння аб прыёме Таццяны Марачкавай у партыю.

Таксама Уладзімір Ушакоў сцвярджае, што чальцы акруговай камісіі спачатку дазволілі яму падаць спіс чальцоў сваёй ініцыятыўнай групы, напісаны ад рукі, а пазней, незадоўга да сканчэння тэрміну рэгістрацыі, намеснік старшыні акруговай камісіі, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мяшкура запатрабаваў яго прадаставіць надрукаваны спіс. Той жа Міхаіл Мяшкура адразу ж пачаў абтэлефаноўваць чальцоў ініцыятыўнай групы і ціснуць на іх, кажучы, што яны ўжо пажылыя людзі, і не змогуць збіраць подпісы. Між тым, узрост членаў ініцыятыўнай групы - гэта ніяк не справа спадара Мяшкуры. Уладзімір Ушакоў кажа, што начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама персанальна аказваў ціск на некалькіх чальцоў яго ініцыятыўнай групы з мэтай дабіцца іх адмовы ад удзелу ў ёй.

Спадар Ушакоў піша пра тое, што акруговая камісія адмыслова накіравала яму ліст аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы напярэдадні выходных, каб ён не атрымаў яго своечасова і не падаў скаргу ў вызначаныя тэрміны.

Камуніст Ушакоў збіраецца звярнуцца з адкрытым лістом праз газету “Народная воля” да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага і старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Таксама Уладзімір Ушакоў піша пра тое, што ён звернецца з заявай у суд на акруговую выбарчую камісію і Міхаіла Мяшкура, бо яны “абразілі пажылых заслужаных працаўнікоў выбаршчыкаў”.

Копію свайго ліста да рэдактара газеты “Вольны горад” Уладзімір Ушакоў накіруе місіі назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах у Беларусі і ў пракуратуру Крычаўскага раёна.

 Журналісты “Вольнага горада” кажуць пра тое, што ў Крычаўскім раёне зафіксавана шмат выпадкаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяны Марачкавай.

Нагадаем, што раней назіральнік Сяргей Няроўны звяртаўся ў акруговую выбарчую камісію з просьбай праверыць інфармацыю аб тым, што ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” подпісы за вылучэнне Таццяны Марачкавай збіралі ў працоўны час. Намеснік старшыні камісіі, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мяшкура адказаў назіральніку, што “факты не зусім пацвердзіліся”, бо подпісы ў падтрымку кандыдата на ААТ “Крычаўцаменташыфер” сапраўды збіраліся, але нібыта не ў працоўны час і, нібыта, не на працоўных месцах, работнікі прадпрыемства ўсё не так зразумелі.

 Таццяна Марачкава вылучана кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адначасова шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і рашэннем з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Ініцыятыўная група сабрала за вылучэнне кандыдатам старшыні Крычаўскага райсавета аж цэлых 15 273 подпісаў выбаршчыкаў – 6930 у Крычаўскім раёне, 2955 у Клімавіцкім, 3470 у Чэрыкаўскім і 1918 у Хоцімскім раёне.

Згодна інфармацыі крычаўскіх актывістаў, яшчэ адзін прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83, майстр ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрый Строцкі, нібыта, вымушаны быў спыніць збор подпісаў у падтрымку свайго вылучэння кандыдатам пасля ціску з боку адміністрацыі прадпрыемства. З прэтэндэнтам у кандыдаты правяло гутарку кіраўніцтва “Крычаўцаменташыфера”, падчас якой Юрыю Строцкаму настойліва “параілі” адмовіцца ад вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Ліст Уладзіміра Ушакова змяшчаем цалкам:

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары