Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік у Жодзіне не дапушчаны да праверкі подпісаў: “Памагатых нам не трэба”

Праваабаронца Аляксей Лапіцкі. Аўтапартрэт.
Праваабаронца Аляксей Лапіцкі. Аўтапартрэт.

1 жніўня назіральнік у акруговай камісіі Жодзінскай выбарчай акругі №64 ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Аляксей Лапіцкі пісьмова звярнуўся ў камісію з просьбай дазволіць яму назіраць за праверкай подпісаў прэтэндэнтаў у кандыдаты.

У сваім звароце назіральнік спасылаўся на арт. 65 Канстытуцыі і арт. 13 Выбарчага кодэкса, згодна з якімі падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і галосна. Аляксей Лапіцкі прасіў прадставіць магчымасць:

  1. прысутнічаць пры непасрэднай працэдуры праверкі падпісных лістоў з подпісамі выбаршчыкаў;
  2. азнаёміцца з рэгістраванымі ў камісіі пакетамі дакументаў па вылучэнні прэтэндэнтаў кандыдатамі ад арганізацый і працоўных калектываў, вынікамі зробленых для праверкі запытаў камісіі і прысутнічаць пры правядзенні адпаведнай праверкі ўсіх гэтых пакетаў дакументаў.

Зварот назіральніка быў зачытаны на паседжанні акруговай камісіі, якое адбылося 2 жніўня, сакратаром Таццянай Краўцэвіч, а старшыння камісіі Сяргей Афанасенкаў на галасаванне паставіў пытанне ў настунай інтэрпрэтацыі: “Камісія, у прынцыпе, укамплектаваная ў такім аб’ёме, што яна спраўляецца з сваімі абавязкамі. Памагатых нам - не трэба. Таму мы адмаўляем Аляксею Іванавічу ў выкананні абавязкаў сябраў камісіі. Хто “за” - прашу галасаваць?” Камісія падтрымала адмову.

У пісьмовым адказе за подпісам С Афанасенкі сказана: “У артыкуле 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь вызначаны пералік правоў назіральніка, у якім не прадугледжаана права прысутнічаць пры праверцы падпісных аркушоў з подпісамі выбаршчыкаў, пададзеных у акруговую камісію ініцыятыўнымі групамі асоб, вылучаемых кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым, нагадваем, што назіральнік не мае права ствараць перашкоды для нармальнай працы  камісіі, а таксама ўмешвацца ў яе працу”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле licviny.info


Каментары