ЦВК не пабачыла тэндэнцыйнасці ў публікацыі ў дзяржаўнай газеце “Перспектива”
Незалежны назіральнік з Гродна Віктар Сазонаў атрымаў адказ на свой зварот у ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай. Цэнтральная выбарчая камісія лічыць, што рэгіянальная газета “Перспектива” не парушыла заканадаўства, змясціўшы досыць некарэктны на думку назіральніка артыкул, у якім можна ўгледзець абразу ў бок некаторых удзельнікаў выбарчага працэсу.
ЦВК лічыць сцверджанні назіральніка надуманымі і сцвярджае, што ніхто не мае права забараніць аўтару выказаць уласныя думкі адносна ходу выбарчай кампаніі і яе вынікаў. Віктар Сазонаў са свайго боку перакананы надалей, што такія публікацыі ў дзяржаўнай газеце недапушчальныя, у тым ліку і з пункту гледзжання таго, што яна выходзіць на грошы падаткаплацельшчыкаў, а не з’яўляецца нейкім прыватным выданнем.
Нагадаем, што ў нумары 54 ад 20 ліпеня 2016 года газеты “Перспектива” на старонках 3 і 7 у рубрыцы “Мнение” размясціла артыкул журналіста Вадзіма Ялфімава «Кто идёт?», у якім аўтар дзеліцца сваім асабістым меркаваннем наконт бягучай выбарчай кампаніі, а таксама робіць высновы пра вынікі выбараў і рэакцыю яшчэ нават не зарэгістраваных кандыдатаў. Так, у артыкуле сказана (апошні абзац, старонкі 7): “…Впрочем, найдутся, как всегда, и такие из них, кто свой проигрыш опять спишут на пресловутый административный ресурс…».
Віктар Сазонаў падаваў скаргу на дадзеную публікацыю спачатку ў Гродненскую абласную камісію, але яна таксама не пабачыла ў ёй парушэння заканадаўства.