Гродненскія суды не задаволілі скаргі АГП на неўключэнне яе прадстаўнікоў у склад участковых камісій
Гродненскія суды Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў разгледзелі скаргі прадстаўнікоў партыі АГП на прадмет неўключэння яе вылучэнцаў у склад участковых выбарчых камісій. У задавальненні абедзвюх скаргаў было адмоўлена.
У Кастрычніцкім раённым судзе скаргу разглядаў суддзя Аляксандр Сіцько, намеснік старшыні гэтага суда. Ён пры сваёй адмове спасылаўся пераважна на тое, што ўчастковыя камісіі гэтага раёну сфармаваныя ў адпаведнасці з заканадаўствам, пры тым адну трэцюю іх частку склалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх арганізацый, якія мелі папярэдні досвед працы ў ранейшых выбарчых камісіях. У такой сітуацыі менш дасведчаныя, на думку адміністрацыі і суду, вылучэнцы не маглі патрапіць у склад камісій. Такім чынам, рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна аб фармаванні ўчастковых выбарчых камісій пакінутая без зменаў.
Аналагічны вынік прынёс і разгляд скаргі ў Ленінскім раённым судзе. Там скаргу разглядала суддзя Вольга Шуманская. Яна ў час паседжання таксама спасылалася на тое, што фармальна заканадаўства ніяк не парушана. Разам з тым, былі агучаны заўвагі да пратаколаў, паводле якіх прадстаўнікі АГП вылучаліся ў камісіі. Прычым з дастаткова дзіўнай фармулёўкай – нібыта не было пазначана волевыяўленне прысутных на савеце сябраў АГП па пытанні вылучэння кожнага з прадстаўнікоў партыі ва УВК.
Старшыня абласной структуры АГП Аляксандра Васілевіч лічыць, што адміністрацыі адмовілі ва ўключэнні сябраў АГП у склад участковых камісій неабгрунтавана, а суды падышлі да разгляду скаргаў фармальна. Напомнім, што Гродненская арганізацыя АГП па Ленінскім раёне вылучала ва ўчастковыя камісіі 16 сваіх прадстаўнікоў, па Кастрычніцкім – 7. Аніводны прадстаўнік гэтай партыі не быў уключаны ў камісіі.