Пазіцыя Бярозаўскага райвыканкама ў судзе: Пастанова ЦВК не абавязковая для выканання
Тое, што Пастанова ЦВК не абавязковая для выканання, прагучала ў судзе Бярозаўскага раёна 3 жніўня з вуснаў вядучага юрыста райвыканкама Яўгена Кашталяна.
У адпаведнасці з ч. 4 п. 6 Пастановы Цэнтральнай камісіі ад 8 чэрвеня 2016 г. г. № 18 "Пра тлумачэнне прымянення палажэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць парадак утварэння выбарчых камісій пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання» ЦВК абавязвае выканкамы перад прыняццем рашэння пра фармаванне ўчастковых выбарчых камісій вынесці на абмеркаванне пытанне пра дзелавыя і палітычныя якасці асоб, якіх вылучылі ў склад камісіі, а калі колькасць прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае колькасць прадугледжаных членаў камісіі, заслухаць інфармацыю па кожнай кандыдатуры і правесці персанальнае галасаванне. Пры ўтварэнні ўчастковых камісій Бярозаўскім райвыканкамам гэтага на паседжанні зроблена не было. Вядучы юрыст выканкама Яўген Кашталян патлумачыў:
— У гэтай пастанове ЦВК няма слоў, што Цэнтральная выбарчая камісія абавязвае Бярозаўскі райвыканкам і агулам райвыканкамы рэспублікі выконваць гэтыя патрабаванні. Такога слова «абавязваюць» — няма.
22 ліпеня Рада Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ на сваім пасяджэнні ў дакладнай адпаведнасці з устаноўленым арт. 35 Выбарчага кодэкса парадкам вылучыла членаў партыі Сахарушу Анатоля, Тарасевіч Таццяну і Шчапёткіну Тамару ў склад участковых выбарчых камісій участкаў для галасавання №58, 61 і 62 па Бярозаўскай выбарчай акрузе №9. Ні адзін з іх не быў уключаны ў склад камісій.
Не пагадзіўшыся з такім рашэннем, Рада Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ абскардзіла яго ў судзе. Яна прасіла суд рашэнне Бярозаўскага райвыканкама ад 27.07.2016 г. №904 "Пра стварэнне ўчастковых камісіяў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі шостага склікання на тэрыторыі Бярозаўскага раёну” ў частцы неўключэння Анатоля Сахарушы, Таццяны Тарасевіч і Тамары Шчапёткінай у склад участковых выбарчых камісій лічыць незаконным і неабгрунтаваным. Таксама ў скарзе ўтрымлівалася просьба абавязаць Бярозаўскі райвыканкам прыняць новае рашэнне па змяненню складу ўчастковых выбарчых камісій участка для галасавання №58, 61 і 62, уключыўшы ў яе склад Сахарушу Анатоля, Тарасевіч Таццяну і Шчапёткіну Тамару.
Суд не задаволіў скаргу. Згодна з рашэннем суда, паседжанне выканкама было адкрытым, прадстаўнік заяўляльніка Шчапёткіна Т. магла выступіць пры абмеркаванні кандыдатур. Суддзя не звярнула ўвагі і ў сваім рашэнні не адзначыла, што прадстаўніку Шчапёткінай не далі слова, пакуль не было прынята рашэння выканкама па стварэнні камісіі. На думку суддзі Наталлі Вакульчык, сябры выканкама маглі выступіць на абмеркаванні кандыдатур. Так, тэарытычна маглі, але ж не выступілі.
Рашэнне Бярозаўскага суда ўступіла ў сілу і абскарджванню не падлягае