Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У наваполацкага вылучэнца ад АГП выбарчая камісія не прыняла дакументы

Дзмітрый Якаўлеў, сябар АГП з Наваполацку, меў намер балатавацца кандыдатам у дэпутаты парламенту па Наваполацкай выбарчай акрузе №24. Аднак сакратар камісіі адмовілася прыняць у яго дакументы, спаслаўшыся на адсутнасць даведкі з ЗАГСа.

Паводле спадара Якаўлева, дакументы ў яго не прыняла сакратар выбарчай камісіі Галіна Амбрасёнак, папярэдне пракансультаваўшыся па тэлефоне са старшынёй камісіі Валянцінай Мартыненка:

“Я прынёс дакументы, каб аддаць іх для рэгістрацыі кандыдатам у якасці вылучэнца ад АГП. Аднак сакратар сказала, што іх не прыме. Прычына – адсутнасць даведкі пра змену прозвішча, бо мой дыплом аб адукацыі выпісаны на іншае, якое я потым змяніў. Мне парэкамендавалі звярнуцца ў ЗАГС, аднак высветлілася, што па панядзелках установа не працуе.  Усё гэта адбывалася 1 жніўня, у апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты мелі права падаваць дакументы на рэгістрацыю. Без даведкі з ЗАГСу выбарчая камісія адмовілася прыняць мае паперы”.

На думку Алега Пашкевіча, назіральніка ад РГА “БХК” пры акруговай выбарчай камісіі, мела месца парушэнне выбарчага заканадаўства:
“Няпоўны пералік неабходных дакументаў можа быць падставай для нерэгістрацыі кандыдатам. Але факт нерэгістрацыі чалавек мае права абскардзіць. У гэтым жа выпадку чалавека такога права пазбавілі: дакументы проста не прынялі. Хаця мусілі гэта зрабіць у адпаведнасці з законам. Цяпер і абскардзіць няма чаго, і Дзмітрыя Якаўлева пазбавілі пра ва на ўдзел у выбарах у якасці кандыдата”.

Дарэчы, спадар Якаўлеў удзельнічае ў выбарах не ўпершыню:  у 2012 годзе ён быў паспяхова зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў дэпутаты, і менавіта з такім самым пералікам дакументаў. Тады камісія нават не ўбачыла праблемы ў тым, што даведкі з ЗАГС пра перамену прозвішча не было.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары