Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк Салігорск, Крычаў, Асіповічы, Бабруйск: “конкурс” на дэпутацкае месца ў рэгіёнах розніцца

На месца ў парламенце ад Случчыны прэтэндуе восемь вылучэнцаў, у суседнім Салігорскім раёне – чатыры і два

Рэкордныя для рэгіёна восем прэтэндэнтаў вылучаныя розным шляхам кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Слуцкай выбарчай акрузе №67. У суседняй Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 такіх прэтэндэнтаў налічваецца чатыры, а ў Салігорскай сельскай выбарчай акрузе №69 толькі два.

Палова з васьмі слуцкіх прэтэндэнтаў на кандыдацтва з’яўляюцца прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Аліна Нагорная, якая праводзіла найбольш актыўную кампанію па зборы подпісаў у рэгіёне, у выніку была вылучаная кандыдатам ад імя Аб’яднанай грамадзянскай партыі.  Ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” па слуцкай акрузе вылучаецца жыхар вёскі Агароднікі Аляксандр Шыловіч. Свайго “самага прыгожага кандыдата” Кацярыну Шуст вылучыла Партыя БНФ, а мясцовы сацыял-дэмакрат Анатоль Юрэвіч вылучаны БСДП (Грамада).

З праўладных кандыдатаў толькі адзін Эдуард Нарышкін вылучаны па партыйных спісах, ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Астатнія прыхільнікі дзеючай ўлады, начальнік ДРБУ-125 Дмітры Драган, студэнт БДЭУ Арцём Маліноўскі і рэдактарака “Слуцкага краю” Валянціна Ражанец, вылучаліся шляхам збору подпісаў. Апошня, па сведчаннях мясцовых назіральнікаў, з’яўляецца відавочным фаварытам уладаў.

Альтэрнатыву праўладным кандыдатам па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе №68 будзе прадстаўляць мясцовы вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі, работнік “Беларуськалія” Аляксандр Малочка. Асноўны кандыдат уладаў Адрэй Рыбак таксама з’яўляецца прадстаўніком калійнага гіганта і вылучаецца адначасова ад працоўнага калектыву “Беларуськалія” і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. У якасці спарынг-партнёраў для яго выступяць вылучэнец ад праўладнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Міхаіл Сцяпурка і вылучэнец ад працоўных калектываў, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Алег Шчэрбаў. Варта адзначыць, што намесніца дырэктара ААТ “Купалінка” па ідэалагічнай працы Ілона Гражынская, якая толькі 11-га ліпеня зарэгістравала сваю ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, падаваць дакументы аб вылучэнні сябе кандыдатам не стала.

А вось Салігорская сельская выбарчая акруга №69 засталася малаканкурэнтнай. Безумоўным фаварытам уладаў тут з’яўляецца дырэктарка Салігорскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Юлія Мурына, якая вылучаецца адначасова ад працоўнага калектыву і шляхам збору подпісаў. Яе канкурэнт, мала вядомы ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёна дырэктар дзіцяча-юнацкай школы па плаванні Андрэй Драбеня, вылучаецца толькі шляхам збору подпісаў.

Не пазней за 11-га жніўня акруговыя выбарчыя камісіі мусяць прыняць рашэнне аб рэгістрацыі ці адмове ў ёй усім вылучаным кандыдатам у дэпутаты. Назіраць за непасрэдным працэсам праверкі подпісаў і дакументаў па рэгістрацыі кандыдатаў па Салігорскай гарадской аргузе плануе мясцовы прадстаўнік праваабарончага аб’яднання “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Леанід Мархотка. Адпаведную заяву праваабаронца ўжо накіраваў акруговы выбаркам.

Крычаў: прэтэндэнтаў у кандыдаты стала менш

У Крычаве 2 жніўня адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83. На пасяджэнні разглядаліся два пытанні: аб праверцы дакументаў на вылучэнне, прадстаўленых прэтэндэнтамі ў кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і аб размеркаванні фінансавых сродкаў паміж участкамі для галасавання.

На пасяджэнні камісіі прысутнічала 10 з 13 яе чальцоў, назіралі за працэдурай прыняцця рашэнняў камісіяй тры назіральнікі, - ад БХК, БРСМ і Беларускага саюза жанчын.

Як адзначае назіральнік БХК у акруговай камісіі Сяргей Няроўны, пасяджэнне працягвалася нядоўга, усяго 15 хвілін. Чальцы камісіі размеркавалі для праверкі падпісныя лісты, пададзеныя за вылучэнне яшчэ аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты - следчага Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта Паўла Зініна.

Ініцыятыўная група сабрала за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Паўла Зініна 1066 подпісаў выбаршчыкаў – 405 у Клімавіцкім раёне, 430 у Крычаўскім, 174 у Хоцімскім, і 57 у Чэрыкаўскім раёне. Акруговая камісія адабрала для праверкі 13 падпісных лістоў, праверка подпісаў будзе праведзена да 16-00 4 жніўня.

Таксама дакументы аб вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў камісію прадаставіла жыхарка Магілёўскага раёна Таццяна Шамбалава. Акруговая камісія даручыла праверыць гэтыя дакументы намесніку старшыні камісіі, начальніку арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаілу Мяшкуры.

Камісія размеркавала грашовыя сродкі ў памеры 232 253 рублёў па ўчастках для галасавання ў Крычаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Хоцімскім раёнах, пасля чаго яе старшыня аб’явіла пасяджэнне закрытым, назіральнікам падзякавалі за працу, а сяброў акруговай камісіі папрасілі яшчэ застацца для абмеркавання пытанняў.

Нагадаем, што раней дакументы на рэгістрацыю ў акруговую камісію ўжо падалі два прэтэндэнта ў кандыдаты - , старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, член КПБ Таццяна Марачкава і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач  Чэрыкаўскага раёна Людміла Шматава. Такім чынам, зараз у Крычаўскай выбарчай акрузе №83 засталіся толькі чатыры прэтэндэнты ў кандыдаты ў дэпутаты.

Усяго акруговай выбарчай камісіяй Крычаўскай выбарчай акругі №83 было зарэгістравана 6 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Па звестках крычаўскіх актывістаў, ініцыятыўная група геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова не здолела сабраць неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў, Таццяна Шамбалава вылучылася шляхам партыйнага вылучэння праз партыю АГП.

Яшчэ адзін прэтэндэнт у кандыдаты, майстр ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрый Строцкі нібыта вымушаны быў спыніць збор подпісаў у падтрымку свайго вылучэння кандыдатам пасля ціску з боку адміністрацыі прадпрыемства. З прэтэндэнтам у кандыдаты правяло гутарку кіраўніцтва “Крычаўцаменташыфера”, падчас якой Юрыю Строцкаму настойліва “параілі” адмовіцца ад вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Хоцімскі актывіст Партыі БНФ Валерый Каранкевіч, які быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 на з’ездзе Партыі БНФ 23 ліпеня, не падаваў дакументы аб сваім вылучэнні ў акруговую выбарчую камісію. Валерый Каранкевіч кажа, што ён перадумаў вылучацца кандыдатам у дэпутаты пасля таго, як пабачыў, што і гэтыя выбары будуць адбывацца па звычайнаму сцэнару. Уся “вертыкаль” зноў працуе на праўладнага кандыдата, старшыню Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяну Марачкаву, у падтрымку вылучэння якой “сабралі” аж цэлых 15 273 подпісаў выбаршчыкаў. Па словах Валерыя Каранкевіча, ён “не хоча быць клоўнам у гэтым цырку”.

Асіповічы: большасць прэтэндэнтаў – вылучаны партымі

Стала таксама вядома, што аж шэсць прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падалі дакументы на рэгістрацыю ў яшчэ адну акруговую камісію на Магілёўшчыне - акруговую камісію Асіповіцкай выбарчай акругі №89.

Шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў па гэтай акрузе вылучаюцца дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Калтуноў і трэнер спартовай каманды ўнутраных войскаў МУС Беларусі, алімпійскі чэмпіён Аляксандар Багдановіч.

Яшчэ чатыры прэтэндэнты прадставілі ў камісію дакументы аб вылучэнні праз палітычныя партыі – сябар Партыі БНФ з пасёлка Ялізава Асіповіцкага раёна Альберт Яўменаў, член Ліберальна-дэмакратычнай партыі з горада Магілёва Дзмітрый Конша, чалец Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” з Асіповіч Мікалай Рахманаў і прадстаўніца АГП з Бабруйска Аляксандра Сьянава.

Аляксандра Сьянава рэгістравала таксама ініцыятыўную групу ў падтрымку свайго вылучэння кандыдатам у дэпутаты, аднак лісты з подпісамі выбаршчыкаў у акруговую камісію яна не здавала.

Праваабаронца з Глуска Ігар Кірын адзначае, што на тэрыторыі Асіповіцкай выбарчай акругі №89 і Глускага раёна, у прыватнасці, у параўнанні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі значна палепшыліся ўмовы для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатамі і іх даверанымі асобамі, а таксама для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў.

Разам з тым у Глускім раёне ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 года склад участковых выбарчых у 2016 годзе абнавіўся толькі на 34%.

У Асіповіцкую выбарчую акругу №89 уваходзяць Глускі, Клічаўскі і Асіповіцкі раёны Магілёўскай вобласці.

Бабруйск: 21 прэтэндэнт на тры акругі

У спісе прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты па трох бабруйскіх акругах - 21 чалавек. Ужо традыцыйна, найбольшая колькасць, дзевяць чалавек, падалі дакументы ў акруговую камісію Ленінскай акругі, яшчэ сем - Першамайскай, і пяць -- Сельскай.

Большасць прэтэндэнтаў, 12 чалавек, вылучаліся па партыйных спісах. Але некаторыя з партыйцаў вылучаліся двума, а то і трыма спосабамі, дадалі сабраныя подпісы і падтрымку працоўных калектываў.

Па Ленінскай акрузе трыма спосабамі вылучаецца намеснік дырэктара па вытворчасці друкарні імя Непагодзіна, сябра Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Дзмітрый Чыстабаеў.  

Анастасія Русава, галоўны бухгалтар ПУП "БелНовоСтрой" прадстаўляе ЛДП, Святлана Грыцэнка, бібліятэкарка цэнтральнай бібліятэкі, прадстаўляе партыю "Справядлівы свет", Сяргей Бялянаў, рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў і збудаванняў яслей-садка №27, прадстаўляе КПБ, Таісія Кабанчук, пенсіянерка, прадстаўляе АГП.

Зборам подпісаў і падтрымкай працоўнага калектыву заручылася начальніца ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Ірына Рынейская.  Зборам подпісаў вылучаны Аляксандр Кісель, старэйшы ахоўнік крамы "Ноеў Каўчэг", Руслан Чэвычэлаў, намеснік дырэктара ТАА "Элескомстрой", Таццяна Гутарава,  загадчыца складам БААТ"Промторг" (кампанія "Гавары праўду").

Па Першамайскай акрузе трыма шляхамі вылучыўся начальнік Бабруйскага вузла сувязі магілёўскага філіяла РУП "Белтэлекам" і сябра Рэспубліканскай партыі труда і справядлівасці Аляксандр Бабцоў.

Уладзімір Загрышаў, кантралёр на КПП ААТ "Белшына" прадстаўляе ЛДП, Рыгор Спасюк, зборшчык пакрышак ААТ "Белшына", прадстаўляе БСДП "Грамада", часова беспрацоўны жыхар Магілёва Аляксандр Шаўцоў прадстаўляе ПБНФ, намеснік  дырэктара па камерцыйных пытаннях ТАА "Адамант Корп"  Алег Жалноў прадстаўляе АГП.

Ад працоўнага калектыву і зборам подпісаў вылучаецца начальнік зборачнага цэха № 2 ЗМШ ААТ "Белшына" Віталь Уласевіч. Зборам подпісаў - часова беспрацоўны Уладзімір Шчарбатых (кампанія "Гавары праўду").

Па Сельскай акрузе ад партый вылучаюцца два чалавекі: Вадзім Загрышаў, вулканізатаршчык завода КГШ ААТ "Белшына" прадстаўляе ЛДП, Яўген Канавалаў, дырэктар аграрна-эканамічнага каледжу прадстаўляе КПБ.

Ад калектыву і шляхам збору подпісаў вылучаецца Ігар Кананчук, генеральны дырэктар ААТ "Бабушкина крынка", зборам подпісаў - індывідуальны прадпрымальнік Андрэй Архіпенка (кампанія "Гавары праўду") і старшыня Глушанскага сельскага выканаўчага камітэта Марыя Сушчанка.

Назіральнікі ад БХК паведамілі, што колькасць сабраных подпісаў была агучана толькі на паседжанні камісіі Сельскай выбарчай акругі. Вядома, што найбольшую колькасць подпісаў - 15 748, прадаставіла ініцыятыўная група гендырэктара "Бабушкиной крынки" Ігара Кананчука, на другім месцы па колькасці каманда старшыні Глушанскага выканкаму Марыі Сушчанкі, яна сабрала 5 993 подпісы.

Усе назіральнікі адзначылі, што сябры акруговых камісій абяцалі запрасіць іх на падлік і праверку подпісаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары