У Магілёве некаторыя дазволеныя месцы для агітацыі ў адным раёне з’яўляюцца забароненымі ў другім
Забароненыя для правядзення масавых перадвыбарчых мерапрыемстваў месцы ў адным раёне Магілёва з'яўляюцца дазволенымі ў іншым. Гэта вынікае з рашэнняў абедзьвюх раённых адміністрацый абласнога цэнтра, апублікаваных у апошнім і перадапошнім нумарах гарвыканкамаўскай газеты "Веснік Магілёва".
Згодна рашэння №14-5 ад 22 лiпеня адміністрацыі Ленінскага раёна, для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб з выбаршчыкамі вызначаны пляцоўкі на тэрыторыях устаноў культуры, фізічнай культуры і спорту, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гандлёвых аб'ектаў, эстрадныя пляцоўкі, размешчаныя на дваровых тэрыторыях і ў скверах раёна.
Адміністрацыя Кастрычніцкага раёна ў рашэнні №17-3 ад 27 ліпеня дазволіла правядзенне такіх мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі сваёй юрысдыкцыі. Аднак ёсць выключэнні - месцы і аб'екты, якія знаходзяцца на тэрыторыі менш за 50 метраў ад аб'ектаў чыгуначнага транспарту, ад будынка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. Адзначым, што на тэрыторыі гэтага раёна знаходзіцца будынак Магілёўскага райвыканкама, але адміністрацыя чамусьці не ўнесла яго тэрыторыю ў спіс месцаў, забароненых для масавых перадвыбарчых мерапрыемстваў.
Адміністрацыя Ленінскага раёна ў адрозненні ад Кастрычніцкага не дапускае правядзенне масавых перадвыбарчых мерапрыемстваў на тэрыторыі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. З гэтага вынікае, што тэрыторыі вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў з'яўляюцца дазволенымі для масавых перадвыбарчых мерапрыемстваў у Кастрычніцкім раёне, але ў Ленінскім раёне на іх нельга праводзіць такія мерапрыемствы.
Адміністрацыя Ленінскага раёна забараніла правядзенне масавых перадвыбарчых мерапрыемстваў на плошчах Леніна і Славы, аўтавакзале, у падземных пешаходных пераходах, на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў судоў, органаў пракуратуры (усё гэта месціцца ў Магілёве толькі на тэрыторыі данага раёна), а таксама мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.
У рашэннях адміністрацый не даецца тлумачэння, што менавіта лічыцца арганізацыямі, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. У 2010 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі магілёўскія ўлады адносілі да такіх грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння; бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, агульнаадукацыйныя ўстановы.