Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Жыхароў Пастаўскага раёну пакінулі без інфармацыі пра выбары

Рубрыка “Выбары” на афіцыйным сайце райвыканкаму  існуе толькі  “для галачкі”:  ніводная спасылка на матэрыялы пра ход выбарчай кампаніі ў рэгіёне не працуе.

І, відавочна, ужо даўно: у рубрыцы адчыняюцца толькі матэрыялы, размешчаныя ў чэрвені . Апошні з іх – пастанова ЦВК аб утварэнні выбарчых акругаў. Пра тое, як выбарчая кампанія праходзіць у рэгіёне  - у прыватнасці, пра пастановы адносна вызначэння месцаў для збору подпісаў, для размяшчэння агітацыйнай прадукцыі, для сустрэчаў  зарэгістраванымі кандыдатамі, – на сайце прачытаць немагчыма.  8 спасылак на дакументы не працуюць: карыстальнікам адчыняюцца пустыя старонкі з паведамленнем пра памылку.

Тым часам і раённая газета “Пастаўскі край” не праяўляе імпэту ў  справе інфармавання чытачоў. На сайце “раёнкі” таксама створана рубрыка “Выбары”, аднак у ёй – адзіны матэрыял, пра тое, што 6 чэрвеня падпісаны Указ №190 “Аб прызначэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання” і Указ №191 “Аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання”.

Пра тое, што адбываецца ў Пастаўскай выбарчай акрузе №29 можна прачытаць хіба на афіцыйных сайтах выканкамаў суседніх рэгіёнаў – Браслаўскага і Шаркоўшчынскага. Тэрыторыя гэтых раёнаў  таксама ўваходзяць у Пастаўскую акругу. Аднак акруговая камісія месціцца ў Паставах. І чамусці пра  тое, што доступ жыхароў рэгіёну да інфармацыі абмежаваны, ніхто з чальцоў камісіі ўжо працяглы час не заўважае. Гэта сведчыць пра абыякавае стаўленне да падрыхтоўкі выбараў з боку адказных асоб.  І падштурхоўвае да высноў, што меркаванні простых людзей, іхны ўдзел у сустрэчах з кандыдатамі ці іхнымі прадстаўнікамі, веданне асаблівасцяў выбарчай кампаніі ў рэгіёне  ні мясцовыя ўлады, ці адказныя за правядзенне выбараў асобы не лічыць важнымі або ўплывовымі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары