Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Суд разгледзеў скаргу Паўла Левінава на неўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі

Праваабаронца Павел Левінаў
Праваабаронца Павел Левінаў

На думку праваабаронцы, была парушаная працэдура фарміравання ўчастковай камісіі, паколькі галасаванне за яе склад адбывалася спісам. Як паведамляе “Віцебская Вясна”, суддзя пагадзілася з заявай прадстаўніка Першамайскай адміністрацыі Віцебска пра тое, што пастанова ЦВК, згодна з якой трэба галасаваць за кожнага кандыдата ў сябры камісіі асобна, носіць рэкамэндацыйны характар, і пакінула скаргу без задавальнення.

У вызначаны выбарчым кодэксам тэрмін дзесяць выбаршчыкаў Віцебска звярнуліся ў адміністрацыю Першамайскага раёна з просьбай уключыць у склад участковай выбарчай камісіі ўчастка для галасавання № 40 праваабаронцу Паўла Левінава. Каб пераканаць чыноўнікаў у прыдатнасці Паўла Ісаакавіча для працы ў камісіі да заявы была прыкладзеная характарыстыка ад кіраўніцтва рэспубліканскай праваабарончай арганізацыі "Беларускі Хельсінскі Камітэт".

Аднак рашэннем адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска ад 27 лiпеня 2016 года грамадзянам было адмоўлена ва ўключэнні іх прадстаўніка ў склад згаданай участковай выбарчай камісіі.

Адмова заяўнікамі была ўспрынятая як парушэнне заканадаўства. Яны перакананыя, што падчас фарміравання выбарчай камісіі ўчастку для галасавання № 40 Першамайскага раёна Віцебска персанальнае галасаванне не праводзілася. Зыходзячы з гэтага, палічылі, што рашэнне адміністрацыі з'яўляецца незаконным і парушае іх права на ўдзел у працы ўчастковай выбарчай камісіі.

Каб абараніць свае правы, грамадзяне звярнуліся ў суд. Суддзя Першамайскага раёна Наталля Дасько, якая разглядала скаргу, паспрабавала паглыбіцца ў сутнасць справы. Уважліва выслухаўшы бакі палітычнага канфлікту, праверыўшы і ацаніўшы прадстаўленыя матэрыялы справы, заслухаўшы довады і пярэчанні заяўніка і зацікаўленай асобы, меркаванне пракурора, вырашыла адхіліць скаргу з прычыны яе неабгрунтаванасці.

Суддзя пагадзілася з меркаваннем пракурора і юрыста адміністрацыі, што падчас прыняцця рашэння адміністрацыяй Першамайскага раёну Віцебска ў частцы фарміравання ўчастковай выбарчай камісіі ўчастку для галасавання № 40 парушэнняў дзейнага выбарчага заканадаўства дапушчана не было, а таму падставаў для прызнання яго незаконным, не маецца.

Рашэнне суду з'яўляецца канчатковым, набывае законную моц неадкладна, абскарджанню або апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае.


Каментары