Брэсцкая вобласць: найменьш вылучаюць кандыдатаў партыі, якія найбольш прадстаўленыя ў камісіях
У 16-ці выбарчых акругах у Брэсцкай вобласці вылучана 79 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Як адзначылі ў абласной выбарчай камісіі, увогуле ў акруговыя выбаркамы трапілі 100 камплектаў дакументаў, бо некаторыя з верагодных кандыдатаў вырашылі вылучацца адразу некалькімі спосабамі.
Амаль палова прэтэндэнтаў (46%) падалі ў акруговыя камісіі дакументы на вылучэнне ад палітычных партый, 30% - шляхам збору подпісаў, а 24% - ад працоўных калектываў.
З палітычных партый найбольшую актыўнасць на гэтым этапе выбарчай кампаніі праявілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), ад якой кандыдатамі вылучана 11 чалавек. Па 8 вылучэнцаў маюць Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” і Ліберальна-дэмакратычная партыя, 7 патэнцыяльных кандыдатаў прадстаўляюць Партыю БНФ, 6 - Аб'яднаную грамадзянскую партыю, па 2 – Беларускую патрыятычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, а таксама Камуністычную партыю Беларусі.
Звяртае на сябе ўвагу цікавая акалічнасць: у склад участковых выбарчых камісій, нават пры вельмі сціплай прысутнасці прадстаўнікоў палітычных партый (1,1% ад агульнай колькасці усіх сябраў участковых выбаркамаў), трапіла куды больш прадстаўнікоў тых партый, якія былі мінімальна задзейнічаны ў працэсе вылучэння ўласных кандыдатаў у дэпутаты. Так, КПБ у складзе ўчастковых выбарчых камісій мае 59 сваіх сябраў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці – 31. Для параўнання: ад БСДП (Грамада) і Партыі БНФ у гэтыя камісіі трапілі па аднаму чалавеку, ад АГП – два, ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” – сем.
Найбольшая канкурэнцыя чакаецца ў Брэсцкай-Усходняй акрузе №3, дзе дакументы на вылучэнне падалі восем прэтэндэнтаў, а таксама ў Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2 і Бярозаўскай акрузе №9 – па сем патэнцыяльных кандыдатаў. У чатырох акругах (Баранавіцкая сельская №7, Пінская гарадская №14, Пінская сельская №15 і Столінская №16) вылучана па тры асобы.