Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Мазыр: назіральніку не дазволілі прысутнічаць пры праверцы подпісаў за праўладнага прэтэндэнта

Праваабаронца Уладзімір Целяпун (г.Мазыр)
Праваабаронца Уладзімір Целяпун (г.Мазыр)

Назіральнік ад БХК ў акруговай камісіі Мазырскай выбарчай акругі №42 Уладзімір Целяпун атрымаў адказ з Гомельскай абласной выбарчай камісіі на свой зварот, у якім ён абскарджваў адмову акруговай камісіі ў азнаямленні з дакументамі аб рэгістрацыі, пададзенымі прэтэндэнтам і дзеючым дэпутатам ПП НС РБ Мікалаем Расоха. Назіральніку таксама не дазволілі прысутнічаць пры працэдуры праверкі подпісаў у падпісных лістах за гэтага прэтэндэнта.

З адказу вынікае, што назіральнік у акруговай выбарчай камісіі мае магчымасць толькі прысутнічаць на паседжаннях адпаведнай выбарчай камісіі. Абласная камісія спаслалася на ч.5 арт. 13 ВК, у тракоўцы якой на ніякія пытанні і знаёмства з дакументамі назіральнік права не мае. Пра сам сэнс, закладзены ў арт. 65 Канстытуцыі арт.13 Выбарчага кодэксу, якія гарантуюць празрыстаць і галоснасць выбарчага працэсу, гаворкі не вядзецца.

Нагадаем, дакументы на рэгістрацыю кандыдатам Мікалая Расохі паступілі ў акруговую камісію Мазырскай выбарчай акругі №42 яшчэ 18 ліпеня. Назіральнік Уладзімір Целяпун адразу ж звярнуўся да камісіі з просьбай азнаёміцца з падпіснымі лістамі, сабранымі ягонай ініцыятыўнай групай, а таксама іншых прэтэндэнтаў па меры паступлення ў камісію. Назіральнік прасіў прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з пратаколамі канферэнцыі працоўных калектываў па вылучэнні Расохі М.Ф. кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага склікання і іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты дэпутатаў ПП НС РБ. Ён таксама прасіў прадаставіць магчымасць прысутнічаць пры працэдуры праверкі падпісных лістоў з подпісамі выбаршчыкаў, пададзенных у акруговую выбарчую камісію ініцыятыўнымі групамі прэтэндэнтаў у кандыдаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары