Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Права выбару-2016”: Выбарчая кампанія на дадзеным этапе ідзе па звыклым сцэнары

Кампанія назірання “Права выбару-2016” 2 жніўня прадставіла прамежкавую ацэнку фарміравання выбарчых камісій.

Каардынатар кампаніі назірання Алесь Сілкоў, прэс-сакратар кампаніі Ігар Барысаў і першы намеснік старшыні Руха “За свабоду” Юрась Губарэвіч прааналізавалі працэс фарміравання складу камісій па выбарах у Палату прадстаўнікоў па шэрагу крытэраў. Імі улічваліся колькасць вылучаных і уключаных у камісіі прадстаўнікоў ад апазіцыйных партый і арганізацый, працэдура ўключэння тых ці іншых вылучэнцаў, а таксама вынікі абскарджванняў рашэнняў на неўключэнне апазіцыйных прадстаўнікоў, у тым ліку і праз суд.

Алесь Сілкоў, Юрась Губарэвіч і Ігар Барысаў
Прадстаўнікі кампаніі "Права выбару-2016" Алесь Сілкоў, Юрась Губарэвіч і Ігар Барысаў

Прадстаўнікі кампаніі “Права выбару-2016” прыйшлі да наступных высноваў:

  • на дадзеным этапе выбарчая кампанія ідзе па звыклым для Беларусі сцэнары, што можа служыць падставай для недаверу вынікам выбараў;
  • апазіцыйныя партыі і аб'яднанні ў сукупнасці прадэманстравалі меньшую актыўнасць пры вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій у параўнанні з парламенцкімі выбарамі ў 2012 годзе;
  • працэдура сумоўя з вылучанымі ў склад камсій асобамі мела фіктыўны характар і рэальна не паўплывала на збалансаванасць складу і прадстаўленасць у камісіях розных палітычных сіл;
  • пераважная большасць вылучаных у склад выбарчых камісій прадстаўнікоў праўладных аб’яднаньняў была ўключаная ў склад камісіяў, у той час як абсалютнай большасці вылучэнцаў апазыцыйных партыяў і незалежных аб’яднанняў было адмоўлена;
  • судовае абскарджванне рашэнняў пра ўтварэнне выбарчых камісіяў не з'яўляецца эфектыўным сродкам задавальнення законных інтарэсаў палітычных партыяў, паколькі суды ніколі не прымаюць рашэнні пра перагляд складу камісіяў.

“Я асабіста прысутнічаў на паседжанні прэзідыўма Мінскага аблвыканкама і Савета дэпутатаў, бачыў, якім чынам фармуюцца камісіі. Прадстаўнікі прэзідыўма маюць загаддзя сфармаваныя спісы, праводзіцца агучванне кандыдатураў і прозвішчаў, ёсць магчымасць у прадстаўнікоў як палітычных структур, так і грамадскіх, выступіць у падтрымку той ці іншай кандыдатуры, аднак, гэта ніякім чынам не ўплывае на канчаткова прынятае рашэнне”, - распавёў Юры Губарэвіч.

Таксама ён адзначыў новаўвядзенне гэтай кампаніі – наяўнасць нейкіх працоўных групаў, якія папярэдне перад паседжаннем органаў, адказных за фармаванне камісіяў, праводзяць свой разгляд спісаў прэтэндэнтаў і выносяць рэкамендацыі. Кампанія “Права выбару-2016” лічыць такую дзейнасць па-за законнай, бо яна ніякім чынам не звязана з дэклараванай адкрытай працэдурай фарміравання камісій.

Па ўсёй краіне толькі 5 прадстаўнікоў апазіцыйных партый (з 16-ці вылучаных) увайшлі ў склад тэрытарыяльных і 26 (са 134 вылучаных) – у склад акруговых выбарчых камісій. Агульны працэнт іх прадстаўнікоў у складзе ТВК і АВК застаўся мізэрны - 5,4% і 1,8% адпаведна. Падчас парламенцкіх выбараў 2012 г. доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе АВК складала 3%, на выбарах 2008 г. – 2,2%;

Ад апазыцыйных партыяў у склад участковых выбарчых камісій уключаўся ў сярэднім адзін з дваццаці вылучаных прадстаўнікоў. Пры гэтым ад лаяльных уладам грамадзкіх аб'яднанняў і палітычных партыяў гэтая прапорцыя мае адваротны характар – у УВК уключаліся больш за 90% ад вылучаных прадстаўнікоў гэткага кшталту арганізацыяў.

“Мы асобна падкрэсліваем, што ёсць 11 акругоў, дзе вылучаюцца моцныя апазіцыйныя кандыдаты, і дзе мы плануем татальнае назіранне. І мы ставілі задачу, каб у гэтых акругах склад выбарчых камісій напалову быў з нашых прадстаўнікоў, аднак патрапілі толькі адзінкі. Так, з 274 вылучаных чалавек у склад камісій уключылі толькі 17 чалавек”, - адзначыў каардынатар кампаніі назірання Алесь Сілкоў.  

Прадстаўнікі кампаніі адзначылі і ціск, які аказваўся на асобных вылучэнцаў у камісіі, які ў тым ліку прымусіў некаторых адмовіцца ад удзелу ў выбарах. А абскарджванне на неўключэнне ў выбарчыя камісія ўсіх узроўняў не мела ніякага выніку.  


У кампанію назірання за выбарамі "Права выбару-2016" уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, "Рух "За Свабоду!", Партыя БНФ, Беларуская партыя "Зялёныя", незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.

Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары