Дэкрэтны адпачынак, пажылы ўзрост і беспрацоўе перашкодзілі магілёўскім сацыял-дэмакратам стать сябрамі ўчастковых камісій
Кіруючы справамі адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Аляксандр Паддубны на судзе тлумачыў адмову на ўключэнне ў склад участковых камісій 10 з 11 магілёўскіх сацыял-дэмакратаў.
27 ліпеня ў Магілёўскай вобласці ў склад участковых камісій была ўключана толькі адна прадстаўніца БСДП (Грамада) - пенсіянерка Святлана Мельнікава. Яна будзе працаваць ва ўчастковай камісіі №39 у Ленінскім раёне Магілёва. Усяго ж у склад участковых камісій Магілёва было вылучана 11 сацыял-дэмакратаў. Пасля неўключэння адміністрацыяй Ленінскага раёна большасці прапанаваных асоб камітэт раённай арганізацыі Грамады ў асобе яго старшыні Дзмітрыя Люнтова падаў скаргу ў суд.
Падчас паседжання суда Ленінскага раёна, якое адбылося 1 жніўня, паспелі выступіць як Зміцер Люнтоў, так і прадстаўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Аляксандр Паддубны. На прэтэнзіі сацыял-дэмакрата ён заявіў, што ў раёне ў склад 87 участковых камісій увайшлі 1274 чалавекі. Сярод іх 442 (34,7%) прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. У камісіі ўключаны прадстаўнік БСДП (Грамада) - 1 чалавек, ГА "Белая Русь" - 80 чалавек, БРСМ - 74 чалавекі, Беларускі саюз жанчын - 61 чалавек, ФПБ - 63 чалавекі, грамадства ветэранаў - 23 чалавекі, іншых грамадскіх аб'яднанняў (ГА "Беларускі фонд міру ", Чырвоны крыж) - 140 чалавек.
Паддубны адзначыў, што галасаванне па тых камісіях, дзе быў конкурс, праходзіла персанальнае. Разам з тым ён не адмаўляў, што падчас пасяджэння адміністрацыі кандыдатуры не абмяркоўваліся. Аднак чыноўнік распавёў пра прычыны, якія, паводле адміністрацыі, не далі сацыял-дэмакратам стаць сябрамі камісій. Так, Шкадун Ганна і Шкадун Надзея знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзецьмі, таму, на думку адміністрацыі, яны не змаглі б надаваць належнай увагі грамадскай дзейнасці. Шэсць іншых вылучэнцаў, па сцвярджэнні Паддубнага, з'яўляюцца доўгі час непрацуючымі. "У дадзеным выпадку пры фармаванні камісіі прыярытэт аддаваўся людзям, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадска-карыснай працы", - заявіў адказчык.
Што ж тычыцца пенсіянера Леаніда Падбярэцкага, то яго неўключэнне чыноўнік патлумачыў клопатам пра здароўе пажылога чалавека. "Трэба хадзіць спраўджваць спісы. Не ва ўсе пад'езды ўпускаюць, дзесьці сабакі брэшуць, дзесьці кодавыя замкі і іншае. Чалавека проста пашкадавалі", - заявіў Аляксандр Паддубны. Таксама ён распавёў, што адміністрацыя, ідучы насустрач БСДП (Грамада), прыняла да разгляду пакеты дакументаў, нягледзячы на нібыта няправільна названыя месцы жыхарства і год нараджэння.
У сваю чаргу Люнтоў заявіў, што, па яго звестках, камісіі створаны па вытворчым прынцыпе, дзе грамадзяне, хоць і вылучаны рознымі спосабамі, з'яўляюцца супрацоўнікамі адной арганізацыі або прадпрыемства, і, адпаведна, знаходзяцца ў падпарадкаванні ў аднаго з членаў камісіі. Суд адхіліў хадайніцтва заяўніка аб прадастаўленні дадзеных пра месцы працы сябраў выбарчых камісій.
Таксама суд адхіліў хадайніцтва Люнтова аб выкліку ў суд у якасці сведак, якія прысутнічалі на пасяджэнні адміністрацыі, кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава і праваабаронцы Аляксея Колчына.
Пасля пачатку разгляду матэрыялаў справы і высвятлення адсутнасці даверанасці ў Дзмітрыя Люнтова суддзя Юлія Трапынінай перапыніла паседжанне. З'явіўшыся пасля перапынку, яна паведаміла аб пакіданні скаргі сацыял-дэмакратаў без разгляду.
Першы намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў лічыць, што ўключэнне адной толькі Мельнікавай ў склад участковай камісіі знаходзіцца "на мяжы статыстычнай пагрэшнасці". "Я не скажу, што гэта вельмі актыўны член партыі, хутчэй пасіўны. Жанчына не так даўно пайшла на пенсію, яна мастачка і партыйны старажыл", - распавёў лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў. Усяго ж, паводле яго слоў, па рэспубліцы ў склад участковых камісій уключаны тры партыйныя вылучэнцы - акрамя Магілёва, яшчэ ў Брэсце і Мінску, пры тым, што вылучана было 42 чалавекі.
Ён таксама паведаміў, што многія з іх з'яўляюцца часова непрацуючымі - хтосьці страціў працу з-за эканамічнай сітуацыі, якая ўсё больш пагаршаецца, хтосьці знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. "А ў сувязі з тым, што кіраўнік ЦВК Ярмошына сказала, што маргіналам не месца ў выбарчых камісіях, то я разумею, што яна мела на ўвазе людзей, якія цяпер без працы. У гэтым я бачу праяву дыскрымінацыі, калі беспрацоўны чалавек аб'яўляецца маргіналам", - заявіў палітык.