Гродзенская абласная выбарчая камісія намервалася разглядаць скаргу назіральніка 10 (!) дзён
Гродзенскі незалежны назіральнік Раман Юргель атрымаў адказ на сваю скаргу ў Гродзенскую абласную тэрытарыяльна-выбарчую камісію. Скарга назіральніка тычылася публікацый у дзяржаўнай газеце “Гродзенская праўда” фактычна агітацыйных артыкулаў за асобных, відавочна праўладных кандыдатаў.
Скарга пачаткова была накіравана ў ЦВК, якая перанакіравала яе ў абласную ТВК. Гродзенская ж ТВК адказала Раману Юргелю, што пытанне па скарзе будзе разглядацца цягам ажно 10 (!) дзён. У той жа час “Гродзенская праўда” працягвае далейшыя публікацыі ў падтрымку вылучэнцаў ад улады.
Характэрна, што адзін з такіх артыкулаў “Гродзенскай праўды” надрукаваны і на афіцыйным сайце Гродзенскага аблвыканкама.
У такой сітуацыі Раман Юргель напісаў новую скаргу ў ЦВК, у якой звярнуў увагу на бяздзейнасць Гродзенскай абласной ТВК, цяганіну і фактычна самаўхіленне камісіі ад разгляду незаконнага выкарыстання адміністрацыйнага ўладнага рэсурсу праз газету "Гродзенская праўда" за праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты дзяржаўнай газетай і сайтам Гродзенскага аблвыканкама. Назіральнік выказаў спадзяванне, што яго скарга будзе разгледжана ў адведзены заканадаўствам трохдзённы тэрмін.
P.S. Калі дадзеная інфармацыя рыхтавалася да публікацыі, Раман Юргель атрымаў тэлефанаванне з Гродзенскай абласной камісіі, якая запрасіла яго на паседжанне па разглядзе ягонай скаргі на 3 жніўня.