Вольга Дамаскіна: “Мяне звольнілі перад выбарамі, нават не думаючы пра замену”
Актывістка Руху «За Свабоду» Вольга Дамаскіна, загадчыца Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер´я ў Полацку, атрымала загад пра звальненне: працоўны кантракт з ёй адміністрацыя полацкага музенага комплексу вырашыла не працягваць.
Папярэджанне пра сканчэнне кантракту спадарыня Дамаскіна, актывістка руху “За Свабоду” і сябар Парті БНФ, атрымала ў чэрвені. Але катэгарычнага абвяшчэння, што ёй пагражае звальненне, ёй тады не далі, кажа Вольга:
“16 чэрвеня я напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што вырашыла пайсці на выбары, што ў парламенце павінна быць больш людзей са сферы культуры, якія непасрэдна займаюцца ўзбагачэннем нацыянальнай культуры, даносяць да грамадства ідэі незалежнасці, беларускасці, еўрапейскасці. І запрасіла ахвотных да сябе ў каманду. Праз колькі дзён пасля гэтага атрымала папярэджанне пра звальненне. Але дырэктарка нашага полацкага музейнага комплексу, якую я перапытала наконт сваіх перспектываў, спачатку сказала, што “мусіць падумаць”. Я таксама шмат думала і нават звярнулася ў абласную прафсаюзную арганізацыю работнікаў культуры па абарону. Бо працэдура непрацягнення кантракту была парушана: пра такія выпадкі, калі звальняюць сябра прафсаюзу, адміністрацыя мусіць за два меяца папярэджваць прафсаюзную арганізацыю, але гэтага зроблена не было. Але ў тое, што цяпер прафсаюз за мяне заступіцца, прызнаўшы парушэнне, я не дужа веру”.
У філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музею-запаведніку — Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазерʼя — Вольга Дамаскіна працуе 16 гадоў, з іх апошнія 4 гады — загадчыцай. У 2016 годзе атрымала другую адукацыю - пасля гістарычнага факультэту - вышэйшую адукацыю па кваліфікацыі „Музеязнаўца”, прычым менавіта полацкі музей-запаведнік аплочваў навучанне.
Па словах Вольгі Дамаскінай, музейны комплекс нават не знайшоў ёй замену. З чаго актывістка робіць выснову, што звальненне не рыхтавалася, а было вынікам палітычных прычын, звязаных з выбарамі:
“На маё месца нікога не даслалі. Усе справы я перадала вядучаму спецыялісту. Але гэтая спадарыня неўзабаве сыйдзе ў дэкрэт. Хто будзе працаваць на маім месцы – не ведаю. Я адразу, як толькі атрымала папярэджанне, напісала заяву, што згодная працаваць далей на ранейшых умовах. Толькі яе не задаволілі”.
Зараз актывістка шукае працу , але пеарадусім займаецца выбарчай кампаніяй. Яна мае намер балатавацца па Полацкай гарадской акрузе №27 і правяла некалькі пікетаў па зборы подпісаў у розных месцах Полацку, каб шчыльней пазнаёміцца з праблемамі гараджанаў. А 27 ліпеня пікет спадарыні Дамаскінай стаў віншавальным: яе ініцыятыўная група вырашыла такім чынам паіншаваць палачан з угодкамі прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.