Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Агітацыя на цэнтральных плошчах Слуцка і Салігорска забаронена

Раённыя выканаўчыя камітэты Салігоршчыны і Случчыны апублікавалі спісы месцаў для правядзення перадвыбарчых пікетаў і мітынгаў. Сярод іншых тэрыторыяў пад забарону патрапілі цэнтральныя плошчы Слуцка і Салігорска.

Абодва райвыканкама забаранілі агітацыйныя пікеты праводзіць каля чыгуначных і аўтаваказалаў, на адлегласці менш за пяцьдзесят метраў ад саміх райвыканкамаў, будынкаў судоў, мясцовых пракуратур, аддзелаў унутраных спраў ды вайсковых частак. Салігорскі райвыканкам да таго ж забараніў весьці агітацыю каля дзіцячых дашкольных установаў. Слуцкі райвыканкам ладзіць пікеты і мітынгі каля дзіцячых садкоў не забараняў, але забараніў агітаваць каля Слуцкай цэнтральнай бальніцы, мясцовага аддзелу па надзвычайных сітуацыях і мясцовага аддзелу КДБ.

Зрэшты, найбольшую крытыку з боку мясцовых дэмакратычных сілаў і незалежных назіральнікаў выклікала забарона на правядзенне агітацыйных перадвыбарчых пікетаў і мітынгаў на цэнтральных плошчах Слуцка і Салігорска. Нягледзячы на паведамляльны характар правядзення масавых мерапрыемстваў, што будуць арганізоўвацца кандыдатамі і іх даверанымі асобамі, забарона агітацыі на галоўных пляцоўках гэтых райцэнтраў значна абмяжоўвае магчымасці іх камандаў па непасрэднай камунікацыі з выбаршчыкамі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары