Суд у Магілёве адмовіўся разглядаць скаргу ГА "БНФ "Адраджэньне" на неўключэнне ва ўчастковыя камісіі
Падпісанне скаргі не старшынёй, а намеснікам старшыні рады Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "БНФ "Адраджэньне" стала прычынай адмовы ў яе судовым разглядзе, паведаміў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Паводле яго, сёння ён прыйшоў у суд Ленінскага раёна Магілёва і там атрымаў інфармацыю аб адмове суддзі разглядаць скаргу. Бухель адзначыў, што пра гэта яму заявіла суддзя Куляшова, дадаўшы, што пісьмовы адказ адпраўлены па пошце.
Апазіцыянеры падалі ў суд скаргу на рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва, якая 27 ліпеня не ўключыла ў склад участковых выбарчых камісій ніводнага прадстаўніка БНФ "Адраджэньне". Паводле скаргі, арганізацыя вылучыла дзевяць сваіх сяброў ва ўчастковыя камісіі №№ 47, 48, 49, 52, 54, 59, 60, 69 і 70 Ленінскага раёна Магілёва. Аднак ніхто з іх не быў дапушчаны да падліку галасоў выбаршчыкаў.
"Нават першасны аналіз пасяджэння адміністрацыі і зацверджанага ёю складу УВК сведчыць аб поўным ігнараванні адміністрацыяй яе палітычнага кампанента за кошт нізвядзення УВК ад атрыбуту палітычнай барацьбы, у якіх забяспечаны рэальны баланс палітычных сіл, да сваіх часовых структурных участкаў, якія вырашаюць руцінныя сацыяльныя і тэхнічныя задачы па падрыхтоўцы і правядзенні выбарчай кампаніі 2016 г. i цалкам залежных ад дзяржорганаў", - гаворылася ў скарзе апазіцыянераў.
Яны нагадваюць, што ў парушэнне ўказання ЦВК на пасяджэнні адміністрацыі не было абмеркавання дзелавых і палітычных якасцяў кожнага кандыдата ў УВК, дзе быў конкурс.
"Члены адміністрацыі мелі перад сабой спісы, паводле якіх і галасавалі сінхронна, аднастайна - калі "за", то ўсе за, калі "супраць", то ўсе супраць. Такім чынам, рашэнне, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній, было загадзя прынята па ўсіх вылучаных кандыдатурах. Адзінае "паляпшэнне" - гэта галасаванне персанальна па кожнай кандыдатуры пры наяўнасцi конкурсу на месца ў складзе УВК. Гэта пацвярджае таксама той факт, што пасля прыняцця рашэння аб стварэнні ўсіх УВК начальніцы аддзела арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Таццяне Грышанавай спатрэбілася ўсяго каля 30 секунд, каб падвесці сумарныя вынікі па ўсіх камісіях і аб'явіць абагульненыя дадзеныя - г.зн. ўсе лічбы былі падлічаны загадзя, і адміністрацыя не збіралася што-небудзь мяняць", - адзначалася ў скарзе.
Апазіцыянеры прасілі, каб суд абавязаў адміністрацыю Ленінскага раёна Магілёва змяніць сваё рашэнне аб утварэнні ўчастковых выбарчых камісій, уключыўшы ў іх склад членаў грамадскага аб'яднання БНФ "Адраджэньне".
Паводле Барыса Бухеля, у цяперашні момант разглядаецца магчымасць і мэтазгоднасць абскарджання адмовы суда ў разглядзе скаргі грамадскай арганізацыі.