Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Зэльва: раённая газета “Праца” упершыню згадала пра збор подпісаў прадастаўнікамі апазіцыі, вылучэнне ад БНФ і “Справядлівага свету”

Пасля таго, як прэтэндэнт у кандыдаты па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Іван Шэга атрымаў ад рэдактара зэльвенскай раённай газеты “Праца” Святланы Ярмалавічане завярэнне, што рэдакцыя гатовая да супрацоўніцтва па асвятленні збору подпісаў, і адзінае, што перашкаджае ў гэтым – адсутнасць інфармацыі пра пікеты, якія праводзіць ініцыятыўная група, іншы прэтэндэнт у дэпутаты -- Алесь Масюк (БХД) звярнуўся ў рэдакцыю выдання з просьбай апублікаваць інфармацыю пра пікеты па зборы подпісаў у ягоную падтрымку.

Праз некалькі дзён “Праца” сапраўды апублікавала матэрыял, у якім распавядалася ў тым ліку пра пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне Алеся Масюка і Івана Шэгу. Прыкладна столькі ж увагі ў матэрыяле было ўдзелена і прэтэндэнтцы ў кандыдаты Але Сопікавай, якая лічыцца мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі праўладнай вылучэнкай, і пра выбарчую актыўнасць якой ў ранейшы час газета пісала неаднойчы і падрабязна. 

 Для райгазеты гэта смелы артыкул. У ім ўпершыню ўзгадана і пра апазіцыйныя палітычныя сілы, якія ўдзельнічаюць у выбарах, у прыватнасці, пра пазачарговы з’езд Партыі БНФ і вылучэнне на ім 72 прэтэндэнтаў на дэпутацкае месца.

У гэтым артыкуле ўпершыню прыгадваецца і левая партыя “Справедливый мир” і тое, што яна вылучыла кандыдатамі ў дэпутаты 50 сваіх партыйцаў і накіруе на ўчасткі для галасавання 400-500 назіральнікаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары