Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

“Гродзенская праўда” працягвае публікацыі ў падтрымку асобных прэтэндэнтаў

   Дзяржаўныя медыі Гарадзеншчыны, як і раней, не змяшчаюць аніякай аналітыкі пра выбары і вельмі слаба інфармуюць насельніцтва пра тое, як адбываецца выбарчы працэс. Затое, не зважаючы на скаргі назіральнікаў, працягваюць агітаваць за праўладных кандыдатаў, выкарыстоўваючы на іх карысць і фінансавы рэсурс і інфармацыйныя мажлівасці дзяржаўных СМІ.

   На мінулым тыдні газета "Гродзенская праўда" (галоўны рэдактар – прадстаўнік абласной “вертыкалі” Павел Сухарукаў)  працягнула серыю публікацый за праўладных кандыдатаў. Так у нумары за сераду 27-га ліпеня 2016-га году, №59 (16408) выйшаў у рубрыцы "Из первых уст" артыкул "Аляксандар Сегодник: педагогов нужно поддерживать на этапе выбора профессии". Галоўны герой артыкула Аляксандар Іванавіч Сягоднік, ініцыятыўная група якога збірае подпісы па Ваўкавыскай выбарчай акрузе №48. Аўтарка артыкулу Таццяна Кузнячэнкава расхвальвае асабістыя і прафесійныя якасці прэтэндэнта ў кандыдаты, які таксама з’яўляецца старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры.

   Гэта расцэньваецца як выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу і скрытая агітацыя.

   У гэтым жа нумары газеты ёсць і артыкул журналісткі Ніны Рыбак "Реалии и перспективы Островца" пра яшчэ аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты -- Кавалько Адама Дзмітрыевіча, ініцыятыўная група якога ў гэты час збірае подпісы за яго па Смаргонскай выбарчай акрузе №59. Ён таксама з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і старшынём Астравецкага раённага выканкаму.

   У гэтым артыкуле з выкарыстаннем мажлівасцяў дзяржаўных СМІ расхвальваюцца дзелавыя і чалавечыя якасці дадзенай асобы, што, безумоўна, ужо ставіць яго канкурэнтаў па выбарах у няроўныя ўмовы.

   У гэтым жа нумары “Гродзенскай праўды” выяўлены і трэці факт прасоўвання праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты -- Маркевіча Аляксандра Іванавіча, ініцыятыўная група якога зарэгістраваная па Іўеўскай выбарчай акрузе № 54. У артыкуле "Граница – это надёжные люди" аўтарка Наталля Валынец займаецца прыхаванай агітацыяй за праўладнага кандыдата.

   Пры такой вялікай колькасці хвалебных атрыкулаў пра праўладных кандыдатаў у “Гродзенскай праўдзе” дагэтуль не выйшла аніводнага інфармацыйнага матэрыяла пра альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты.

   Пры гэтым Гродзенская абласная камісія не адрэагавала належным чынам на скаргу назіральніка Віктара Сазонава з нагоды публікацыі ў газеце “Перспектива”, а скаргу назіральніка Рамана Юргеля на факты ранейшых публікацый у “Гродзенскай праўдзе” ЦВК перанакіравала ў Гродзенскую ТВК.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары