Аналітычная справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій
Назіранне ажыццяўляюць актывісты РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
I. АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
- 27 ліпеня скончылася фарміраванне УВК, якія з'яўляюцца важным элементам выбарчага працэсу і непасрэдна ажыццяўляюць арганізацыю галасавання і падлік галасоў. Усяго было створана 5971 УВК, у іх склад увайшло 65856 чалавек.
- Фарміраванне УВК адбывалася на фоне шырока анансаваных ЦВК новых падыходаў, якія павінны прымяняцца адказнымі органамі: магчымасць прысутнасці назіральнікаў (у тым ліку міжнародных) на пасяджэннях органаў падчас фарміравання выбарчых камісій, абмеркаванне дзелавых і палітычных якасцяў вылучаных у камісіі прэтэндэнтаў. У выпадках, калі колькасць вылучаных у камісіі перавышае прадугледжаную квоту, павінна заслухоўвацца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне;
- ЦВК не падтрымала прапанову прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” аб унясенні зменаў і выняцці тэрміна “палітычныя якасці” з п.6 Пастановы № 18 ад 8.06.2016 г., перад пачаткам працэса фармавання УВК, што на думку экспертаў кампаніі замацавала практыку суб’ектыўных і дыскрымінацыйных падыходаў пры іх фармаванні;
- Усе суб’екты, што вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК, у асноўным мелі магчымасць прадаставіць неабходныя дакументы ў органы, адказныя за фарміраванне камісій;
- Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мелі магчымасць бесперашкодна прысутнічаць на паседжаннях органаў, адказных за фармаванне УВК;6
- На большасці паседжанняў склад УВК прымаўся спісачна, без абмеркавання вылучаных кандыдатаў, на некаторых паседжаннях асобы нават не прадстаўляліся і ім не давалася аніякіх характарыстык. На большасці паседжанняў прысутным прапаноўвалась галасаваць за загадзя сфармаваныя спісы сябраў УВК. Прыкладна чвэрць паседжанняў адбывалася з абмеркаваннем часткі вылучаных кандыдатаў, у тым ліку іх дзелавых і палітычных якасцяў, у шэрагу выпадкаў прэтэндэнты запрашаліся на папярэдняе суразмоўе.7
- Пры фарміраванні УВК быў відавочны дыскрымінацыйны падыход выканкамаў да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: з 514 вылучаных у склад УВК увайшлі толькі 53 чалавек (10,3 % ад вылучаных), у той час як з 3773 вылучаных праўрадавымі партыямі, у склад УВК увайшлі 3358 чалавек ( 89 % ад вылучаных), а ад пяці найбуйнейшых праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў БРСМ, “Белая Русь”, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў і прафсаюза ФПБ было вылучана 27080 чалавек, а у склад камісій увайшлі 25546 чалавек (94 % ад вылучаных).
- Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый ў УВК склала 53 чалавекі, альбо 0,08 % ад агульнага складу членаў УВК, што меней чым на парламенцкіх выбарах 2012 г. (61 чалавек ці 0,1% ад агульнага складу УВК) і прыкладна роўная колькасці прадстаўнікоў апазіцыі ў складзе УВК на парламенцкіх выбарах 2008 г. (48 чалавек ці 0,07 %).
- Адсутнасць заканадаўча замацаваных крытэрыяў для прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій па-ранейшаму робіць магчымым суб’ектыўны падыход да персанальнага складу гэтых камісій; Пастанова ЦВК № 18 на практыцы не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму: як і падчас папярэдніх выбараў пры фарміраванні УВК перавага аддаецца прадстаўнікам праўладных палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў;