Пікет правацэнтрысцкай кааліцыі ў Магілёве суправаджаўся нападам і абвінавачваннямі ў парушэнні закону (фота)
Мужчына сталага ўзросту напаў на пікет па зборы подпісаў, які ладзілі 28 ліпеня каля магілёўскага гіпермаркета "Перекресток-центр" прадстаўнікі АГП і аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.
Прадстаўнікі правацэнтрасцкай кааліцыі пачалі свае мерапрыемства каля 17.00 побач з уваходам у гіпермаркет. Прыкладна праз гадзіну да пікетчыкаў выйшаў яго ахоўнік і запытаўся, ці маюць яны дазвол на пікетаванне. На што ён атрымаў адказ, што згодна рашэння гарвыканкама дадзенае месца не ўваходзіць у спіс забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў. Тым не менш, як сцвярджаў ахоўнік, мусіць быць дазвол на пікетаванне, якое павінна адбывацца, паводле яго, не бліжэй за 20 метраў ад будынка. Пасля непрацяглай гутаркі ахоўнік сыйшоў, так і не пабачыўшы ніякага дазволу.
Праз дзесяць хвілін да пікетоўцаў выйшаў іншы ахоўнік, які стаў абвінавачваць пікетоўцаў у парушэнні выбарчага заканадаўства. "Я гляджу, вы раздаеце друкаваную прадукцыю. Да 10 жніўня забаронена раздаваць друкаваную прадукцыю", - заявіў ён, адзначыўшы, што пакліча міліцыю. На гэтае адзін з кіраўнікоў пікета, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі АГП заявіў, што цалкам згодны з тым, каб прыехала міліцыя. Супрацоўнікі міліцыі, якія потым прыехалі ўжо па пазнейшаму выкліку саміх пікетоўцаў, ніякіх прэтэнзій да іх не мелі.
Прыехаўшыя ў Магілёў дзеля ўдзелу ў пікеце старшыня АГП Анатоль Лябедзька і старшыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі з'явіліся каля гіпермаркета пасля інцыдэнта з яго ахоўнікамі. Тым не менш, яны сталі сведкамі нападу на пікетоўцаў мясцовага жыхара сталага ўзросту, якому не падабаліся лозунгі і абяцанні прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі. Раз'юшаны мужчына стараўся разбурыць інфармацыйныя стэнды і нанесці ўдары па ўдзельніках пікету. Ён выбіваў тэлефоны з рук тых, хто здымаў інцыдэнт, абражаючы іх. Удзельнікі пікету стараліся стрымаць нападніка.
Каардынатар па стварэнні партыі БХД па Магілёву Андрэй Бодзілеў выклікаў міліцыю, а іншыя пікетоўцы стараліся не дапусціць знікнення нападніка і ішлі за ім. Як аказалася, ён пражывае ў доме каля гіпермаркета. Даведаўшыся нумар яго кватэры, пікетоўцы вярнуліся на месца збору подпісаў.
Праз непрацяглы час прыехала машына патрульна-паставой службы. ППС-аўцы выклікалі ўчастковага міліцыянера. Прыйшоўшы ўчастковы склаў пратакол апытання Андрэя Бодзілева, паведаміўшы, што, пэўна, ведае нападніка. Міліцыянер адзначыў, што мужчына будзе абвінавачаны з дробным хуліганстве, бо "ўсё зразумела", і ёсць відэа ўсяго здарэння. Участковы назваў правапарушальніка "ціхім алкаголікам".
Далейшы збор подпісаў, які адбываўся амаль да 20.00, прайшоў без інцыдэнтаў. Грамадзяне падпісваліся за прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі даволі актыўна.