Гродзенскія акруговая і абласная камісіі адмаўляюць у праве назіраць за праверкай сапраўднасці сабраных подпісаў
Незалежны назіральнік з Гродна Віктар Сазонаў атрымаў адказ на свой зварот з акруговай камісіі Гродзенскай-Ленінскай выбарчай акругі №52 і адказ на скаргу з Гродзенскай абласной ТВК. Ва ўсіх адказах – адмовы.
Адказ з акруговай камісіі Гродзенскай-Ленінскай выбарчай акругі №52 падпісаны старшынём камісіі Алегам Бялінскім. Пры тым камісія парушыла заканадаўства, адказаўшы па-руску – не на мове звароту. Камісія адмовіла назіральніку ў праве непасрэдна бачыць працэс праверкі сапраўднасці сабраных подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах. Ведаючы раней праз тэлефон пра гэтую адмову, Віктар Сазонаў падаў скаргу ў абласную камісію.
Гродзенская ТВК за подпісам яе старшыні Уладзіміра Хлябіча падтрымала рашэнне акруговай выбарчай камісіі не даваць магчымасці назіральніку знаёміцца са здадзенымі падпіснымі лістамі і з праўдзівасцю сабраных подпісаў. ТВК, так як і акруговая камісія, лічыць, што прысутнасць назіральніка на паседжанні па выніках праверкі подпісаў дастатковая для выканання часткі 5 артыкула 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Віктар Сазонаў са свайго боку рэзонна мяркуе, што простая прысутнасць на фактычна агучванні вынікаў праверкі дакладнасці подпісаў не дазваляе назіральніку ацаніць праўдзівасць сабраных подпісаў. Такое рашэнне АВК і ТВК ніяк не спрыяе празрыстасці выбарчага працэсу. Таму назіральнік намераны падаць скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.
Аналагічныя адмовы атрымаў і іншы гарадзенскі назіральнік Раман Юргель. Ён таксама
падаў скаргу ў ЦВК.