Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Мінску сфарміраваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі

Скончылася фарміраванне ўчастковых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.

У склад 710 камісій у Мінску патрапіла 8 502 чалавекі, 69,4% з якіх – жанчыны. Найбольшую колькасць складаюць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў – 6 968 чалавек, у тым ліку і палітычных партый – 2 630 чалавек.

Аднак, ад апазіцыйных партый у склад уключылі толькі 10 чалавек: па тры прадстаўнікі ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі БНФ, а таксама адзін чалавек ад Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі (Грамада). Пры гэтым вылучэнцаў было наштам болей. Так, ад АГП было вылучана 50 чалавек, ад Партыі БНФ – 29 чалавек, ад Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі (Грамада) – 14 чалавек, а ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” – 7 чалавек.

Найбольшую колькасць сябраў участковых камісій скаладаюць вылучэнцы ад праўрадавых Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (640 чалавек з 661 вылучаных), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі (639 чалавек з 660 вылучаных) і Беларускай аграрнай партыі (629 чалавек з 647 вылучаных).

Акрамя таго, вялікую колькасць складаюць у камісіях і сябры такіх арганізацый, як “Белая Русь”, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Амаль усе заяўнікі ад гэтых структур патрапілі ва ўчастковыя камісіі – 670 з 686, 664 з 684 і 582 з 679 чалавек адпаведна.

Каментуючы працэс стварэння ўчастковых камісій, старшыня Мінскай гарадской камісіі Сяргей Хільман адзначыў:

“Сярод вылучэнцаў нямала людзей, якія ўжо неаднаразова прымалі ўдзел у такой працы, маюць вопыт і веданне выбарчага заканадаўства, такім кандыдатам аддаецца перавага”.

Усяго у склад камісій вылучалася 10 046 чалавек.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары