Навагрудак: ініцыятыўная група Вадзіма Левана так і не атрымала ад акруговай камісіі адказу на сваю скаргу
Яшчэ 15 ліпеня ініцыятыўная група па збору подпісаў за Вадзіма Левана (Рух “За свабоду”), які вылучаецца па Навагрудскай выбарчай акрузе № 57, падала скаргу ў акруговую камісію на дзеянні каменданта інтэрната швейнай фабрыкі “БелКрэда”, якая не дазваляла збіраць подпісы ў інтэрнаце. Сама ж камендант збірала пашпарты жыхароў інтэрната, а праз пэўны час раздала іх людзям, не папярэдзіўшы іх, з якой нагоды гэта рабілася. У скарзе згадвалася і прозвішча Вольгі Папко, якая ва ўстанове “Музей “Замкавы комплекс “Мірскі замак” раздавала чыстыя падпісныя лісты сваім супрацоўнікам, дзе работнікі музея павінны былі распісацца за яе.
Па словах Вадзіма Левана, ужо прайшло 13 дзён, але адказу з акруговай камісіі Наваградскай выбарчай акругі яго ініцыятыўная група не атрымала. “Сябрам ініцыятыўнай групы адказалі, што пісьмовы адказ выслалі па звычайнай пошце, але яго мы не атрымалі. У акруговай камісі сказалі, што з камендантам інтэрната пагутарылі. Але аб чым там гутарылі і ці гутарылі наогул – невядома. Члены Навагрудскай выбарчай камісіі проста праігнаравалі нашу скаргу”, -- пракаментаваў Вадзім Леван.