Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Брэсцкая вобласць: партыйцы складаюць 1,1% ад колькасці сябраў участковых камісій

Бяроза. Паседжанне выканкаму па фармаванні ўчастковых камісій.
Бяроза. Паседжанне выканкаму па фармаванні ўчастковых камісій.

Брэсцкая вобласць: каля дзесятка прадстаўнікоў апазіцыі ўключаны ў склад участковых выбарчых камісій

  З 9508 чалавек, што будуць працаваць у складзе ўтвораных 928 выбаркамаў гэтага ўзроўню на парламенцкіх выбарах у Брэсцкім рэгіёне, толькі 11 асоб вылучаны ад палітычных апазіцыйных партый.

Увогуле з 217 партыйных вылучэнцаў у склад выбарчых камісій трапіў 101 чалавек (1,1%ад колькасці усіх сябраў участковых выбаркамаў). Пры гэтым 59 з іх прадстаўляюць Камуністычную партыю Беларусі (было вылучана 106 чалавек) і 31 - Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці (вылучана 50 асоб). Што тычыцца апазіцыйных партый, дык з 24-х вылучэнцаў Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” у выбарчыя камісіі трапілі сем чалавек, з 20-ці асобаў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі – дзве, з 11-ці прадстаўнікоў Парты БНФ і шасці сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – па аднаму.

Самая вялікае прадстаўніцтва ў камісіях гэтага ўзроўню ў Брэсцкай вобласці маюць вылучэнцы ад грамадскіх арганізацый – 4231 чалавек (44,5%), у тым ліку 16,1% ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 7,2% - ад Беларускага саюз жанчын, 7,1% - РГА “Белая Русь”, 5,6% - БРСМ, 3,9% - ад Беларускага аб’яднання ветэранаў.

Акрамя таго, ад грамадзян (шляхам падачы заяваў) вылучаны 3693 чалавекі (38,8%)  ад працоўных калектываў – 1483 (15,6%) і ад іншых грамадскіх аб’яднанняў  - 438 (4,6%).

 У Бярозаўскім раёне з 18 прэтэндэнтаў ад дэмакратычных партый ва ўчастковыя камісіі прайшоў толькі адзін

У камісіі накіроўвалася 15 чалавек ад АГП і 3 ад Партыі БНФ. Абгрунтаванага адказу, чаму прэтэндэнты ад апазіцыйных партый у камісіі не ўключаны, не прагучала.

Паседжанне па стварэнні ўчастковых камісій працягвалася паўтары гадзіны. Па чарзе зачытваліся прозвішчы прэтэндэнтаў у тую ці іншую камісію, уставаў пэўны чыноўнік і даваў стандартныя характарыстыкі: “карыстаецца павагай калектыва і насельніцтва, мае вопыт работы ў камісіях”. Старшыня Белаазёрскага гарсавета Уладзімір Пракапчук пасля зачытання спіса толькі першай камісіі ў яго горадзе адрапартаваў: “Прашу ўключыць людзей з усіх 5 камісій, яны добра паказалі сябе ў калектыве, а галоўнае -- маюць станоўчы вопыт працы ў камісіях, што немалаважна”. Праўда, крыху паправіўся наконт колькасці камісій, калі старшыня райвыканкама зрабіў заўвагу: “Дык вы яшчэ не ведаеце спісаў усіх камісій”.

Склад камісій амаль не памяняўся з мінулых выбарчых кампаній, яны зноў сфармаваны па вытворчым прынцыпе. Напрыклад, пры абмеркаванні складу камісіі, якая будзе працаваць на сыркамбінаце, адна з сябраў выканкама сказала, што просіць падтрымаць 5 вылучэнцаў, бо гэтыя людзі доўгі час з’яўляюцца не толькі супрацоўнікамі камбіната, але і не аднойчы прымалі ўдзел у выбарчай кампаніі. Пры абмеркаванні іншай камісіі гучала: “Ва ўчастковую камісію ўваходзяць работнікі ЖКГ. Я, як куратар, ведаю практычна кожнага”.

У камісіях грамадскасць прадстаўленая сябрамі БРСМ, Белай Русі, фонду Міра, Чырвонага крыжа, саюза жанчын, саюза афіцэраў, прадзяржаўнага прафсаюза. Было вылучана 510 прэтэндэнтаў на сяброўства ў 41 камісіі, уключана – 452 чалавекі.

Прычыны неўключэння не называліся. Месца працы таксама.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары