У Бабруйску сур'ёзна ўзяліся за фармаванне пазітыўнага іміджу мясцовых агранізатараў выбараў
У афіцыйных гарадскіх СМІ сур'ёзна ўзяліся за фармаванне пазітыўнага іміджу мясцовых агранізатараў выбарчай кампаніі. Нагадаем, нядаўна ў Бабруйску ўпершыню была праведзена прэс-канферэнцыя з удзелам старшыняў акруговых камісій. На ёй шмат слоў было сказана пра адкрытасць і лаяльнасць у адносінах да прэтэндэнтаў. І, адчуваецца, што пакуль гэтая піяр-кампанія не здае пазіцыі. "Адкрытасць, празрыстасць, прытрымліванне агульнадэмакратычным прынцыпам, - тры кіты, на якіх будзе грунтавацца правядзенне выбараў", - цытуе газета гарвыканкаму "Бабруйскае жыццё" галоўную мантру выбарчай кампаніі-2016.
Магчыма, гэтым разам можна будзе назіраць падкрэслена-ветлівае стаўленне да назіральнікаў, бо на апошнім паседжанні каардынацыйнай Рады грамадскіх аб'яднаняў і палітычных партый намеснік старшыні гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў нагадаў прысутным, што "фронт назіральнікаў за ходам правядзення выбараў будзе вялікі і строгае захаванне беларускага выбарчага заканадаўства, захаванне культуры і нормаў этыкі будуць у прыярытэце".
Звычайна Рада збіраецца акурат пад выбарчыя кампаніі, каб пафасна заклікаць бабруйчан актыўна галасаваць, і галасаваць за стабільнасць. Гэтым разам лідэры праўладных грамадскіх і рэлігійных арганізацый, прадстаўнікі палітычных партый сабраліся разам, каб "скласці партрэт чалавека, здольнага стаць дэпутатам".
"Не важны пол, целасклад, колер вачэй ... Важна, каб чалавек мог трымаць слова, выконваць абяцанні, любіў сваю краіну, хварэў за яе росквіт ўсім сэрцам і умеў падтрымаць дыялог з людзьмі, быў прафесіяналам сваёй справы", - піша "Бабруйскае жыццё".
Падобна, паседжанне прайшло на аптымістычнай нотцы. Выданне цытуе словы намесніка старшыні гарвыканкаму Аляксандра Маркачова, які заявіў, што "гарадскія прадпрыемствы пачынаюць працаваць на поўную моц. Складскія запасы зніжаюцца. Многія прадпрыемствы працуюць "з колаў", гэта значыць выпускаюць прадукцыю і адразу ж адпраўляюць яе на ўнутраны рынак або на экспарт". Грамадска-палітычную сітуацыю ў горадзе чыноўнік акрэсліў як "стабільную і кіраваную", і адзначыў, што "ад таго, наколькі беларускі народ адказна падыдзе да дадзенай выбарчай кампаніі, наколькі ён будзе браць актыўны ўдзел у правядзенні выбараў, настолькі будзе залежаць яго бліжэйшая будучыня".