Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Жодзіна: дазвол азнаёміцца з дакументамі аб вылучэнні ва ўчастковыя камісіі назіральніку далі, самі дакументы -- не

Праваабаронца Аляксей Лапіцкі. Аўтапартрэт.
Праваабаронца Аляксей Лапіцкі. Аўтапартрэт.

Дазвол кіраўніка Жодзінскага выканкаму Міхала Амельянчука аб магчымасці назіральніку Аляксею Лапіцкаму азнаёміцца з дакументамі па вылучэнні кандыдатаў у склад участковых камісій быў праігнараваны супрацоўніцамі агранізацыйна-кадравага аддзелу гарвыканкаму.

Міхаіл Амельянчук дазволіў Аляксею Лапіцкаму азнаёміцца з адпаведнай дакументацыяй па вылучэнні кандыдатур ва ўчастковыя камісіі Жодзінскай выбарчай акругі №64 пасля завяршэння паседжання па фармаванні камісій. Сваё незадавальненне такім рашэннем яўна выказалі прысутныя на паседжанні першы намеснік старшыні па ідэалогіі Юры Шары і некаторыя супрацоўніцы арганізацыйна-кадравага аддзелу, якія рыхтавалі ўсе належныя пакеты дакументаў для прыняцця выканкамам канчатковага рашэння адносна складу камісій.

Праз 5 хвілін пасля нарады назіральнік прыйшоў у каб. №119 выканкаму, куды зайшла разам з ім начальнік арганізацыйна-кадравага аддзелу Тацяна Краўцэвіч (пастаянная сакратарка Жодзінскай АВК №64) і дзе ўжо знаходзіліся падпарадкаваныя ёй супрацоўніцы, у тым ліку -- адказная за дакументацыю Алена Трапашка. Супрацоўніцы аддзелу катэгарычна адмовілі назіральніку азнаёміцца з цікавячымі яго дакументамі, а пасля выказанага ім пратэсту дазволілі азнаёміцца толькі з няправільна аформленымі паперы па 5-ці кандыдатурах, якія былі выключаны з абмеркавання і галасавання на паседжанні.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле Lićviny-INFA


Каментары