Фармаванне ўчастковых камісій у Магілёве: кандыдаў не абмяркоўвалі, галасавалі адзінагалосна
Кандыдаты ад апазіцыі не трапілі ў склад участковых камісій у Кастрычніцкім раёне Магілёва
Толькі два прадстаўнікі апазіцыі - сябры партыі левых "Справядлівы свет" былі вылучаны ў склад участковых камісій Кастрычніцкага раёна Магілёва. Без усялякага абмеркавання яны не дапушчаны да падліку галасоў, паведаміў прадстаўнік Магілёўскага праваабарончага цэнтру (МПЦ) Аляксандр Буракоў.
Паводле Буракова, які 27 ліпеня прысутнічаў на пасяджэнні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, калі фармаваліся ўчастковыя камісіі, мерапрыемства цягнулася менш за гадзіну, а менавіта 54 хвіліны. "Мяне спачатку не хацелі пускаць як назіральніка. Тым не менш, урэшце мне дазвалілі назіраць", - распавёў праваабаронца.
Паводле яго, адміністрацыі трэба было сфармаваць 68 камісій. "За выключэннем шасці камісій, галасавалі спісамі, не абмяркоўваючы і нават не называючы прозвішчаў тых, хто ў камісіі трапіў. У кожнай камісіі па 15 чалавек, акрамя тых, якія ўтвораныя ў бальніцах і некаторых іншых установах, дзе па 5-7 чалавек", - кажа Буракоў.
Ён распавёў, што па тых камісіях, дзе быў конкурс, ішло персанальнае галасаванне. "Выступоўца проста зачытываў прозвішча, імя, імя па бацьку, месца працы, партыйнасць, кім вылучаны, наяўнасць досведу працы ў камісіі. Па гэтых шасці камісіях выбіралі толькі тых, хто раней працаваў у камісіі, і супраць прадстаўнікоў "Справядлівага свету" галасавалі адзінагалосна. Чаму - ніхто не тлумачыў", - распавёў назіральнік, падкрэсліваючы, што ніякага абмеркавання не было, а было толькі давядзенне інфармацыі і адзінагалоснае галасаванне.
"Зыходзячы са складаў камісій, дзе быў конкурс, бачна, што яны фармаваліся па вытворчаму прынцыпу. Так, у камісію №12 увайшлі амаль толькі работнікі гімназіі №1. Вельмі многа работнікаў будтрэста №17, "Магілёўхімвалакна". То бок зроблена так, каб у камісіях былі людзі з аднаго месца працы", - адзначыў Алаксандр Буракоў.
Ён паведаміў, што ўсяго ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна было пададзена 985 заявак на ўключэнне ў склады камісій. З іх - 474 ад выбаршчыкаў, 170 - ад працоўных калектываў і 341 ад грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый. "Апошнія ў асноўным "Белая Русь", БРСМ, Чырвоны крыж, Фонд міру, ветэраны", - распавёў назіральнік.
Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адмовіўся абмяркоўваць кандыдатуры вылучэнцаў ва ўчастковыя камісіі
Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Віктар Лаўрыновіч 27 ліпеня адмовіў старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі АГП абмяркоўваць на пасяджэнні характарыстыкі вылучэнцаў у склады камісій.
Як распавялі прысутныя на пасяджэнні адміністрацыі прадстаўнікі грамадскасці, напрацягу гадзіны з пачатку ўтварэння камісій адміністрацыя Ленінскага раёна стварыла 13 камісій. Па камісіях, дзе не было конкурсу, зачытвалася кароткая інфармацыя пра кожнага прэтэндэнта, і галасаванне праходзіла спісам. Па камісіях жа, дзе колькасць прэтэндэнтаў перавышала 15 чалавек, а значыць быў конкурс, зачытвалася больш падрабязная інфармацыя аб кожным з іх - акрамя прозвішча, імя, імя па бацьку і спосабу вылучэння згадваўся год нараджэння, месца працы ці вучобы, адрас пражывання, партыйнасць і наяўнасць досведу працы ў камісіі. Пасля гэтага члены раённай адміністрацыі адкрыта галасавалі па кожным чалавеку. Адносна кожнага прэтэндэнта галасаванне было аднадушным - уключаць ці не ўключаць яго ў склад камісіі, і адпавядала пазіцыі кіраўніка адміністрацыі Віктара Лаўрыновіча.
Уладзімір Шанцаў пацікавіўся, паводле якіх меркаванняў адбываецца галасаванне за тую ці іншую асобу. На гэта Віктар Лаўрыновіч адказаў, што ўсе пытанні можна задаць пасля пасяджэння і папрасіў не ўмешвацца. Праз некаторы час на знак пратэста супраць парушэння працэдуры фармавання Уладзімір Шанцаў пакінуў пасяджэнне адміністрацыі.
"Яны такім чынам і вялі ўсё пасяджэнне, якое цягнулася 6,5 гадзін і скончалася а 14.42. Па-мойму, ніхто з апазіцыі не прайшоў. Ніякага абмеркавання не было", - распавёў праваабаронца Аляксей Колчын, які ўвесь час прысутнічаў на пасяджэнні.
"Ніякага істотнага паляпшэння ў працэдуры фармавання камісій не адбылося. У пастанове ЦВК запісана, што павінна адбывацца абмеркаванне характарыстык, але менавіта гэтага не было зроблена", - адзначыў Колчын.
"Усе галасавалі адзінагалосна по кожнай кандыдатуры. Калі за, то ўсе за, калі супраць - то ўсе супраць. Само рашэнне, відавочна, было падрыхтавана загадзя, як гэта рабілася раней", - распавёў праваабаронца.
Паводле яго, на прыняццё апошняга рашэння па фармаванні камісій і падвядзенне вынікаў выступоўцы Таццяне Грышанавай спатрэбілася літаральна 30 секунд. "За гэты час яна падвяла вынікі і сказала, колькі ўсяго ў склад камісій трапіла ад партый, шляхам падач заяў, працоўных калектываў. Зразумела, што ўсё было падрыхтавана і падлічана раней. І гэта шасцігадзінная працэдура была пустой фармальнасцю", - адзначыў Аляксей Колчын.
"Гэты быў дрэнна пастаўлены спектакль, дзе галасавалі манекены. Абурае тое, што без аніякага абмеркавання галасавалі. Навошта яны сабралі каля паўсотні чалавек, калі там няма абмеркавання?" - распавёў Уладзімір Шанцаў. Паводле яго, адміністрацыя Ленінскага раёна займалася прафанацыяй працэдурных пытанняў з мэтай не дапусціць апазіцыю да падліку галасоў на выбарах.
Усяго ў Ленінскім райне Магілёва было створана 87 участковых камісій. На пасяджэнні адміністрацыі былі разгледжаны 1.474 дакументы аб вылучэнні прэтэндэнтаў у іх склад.