Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Рыгора Кастусёва пусцілі ў Шклоўскі райвыканкам толькі пасля праверкі асабістых рэчаў

Рыгор Кастусёў падчас падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты.
Рыгор Кастусёў падчас падачы дакументаў на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты.

27 ліпеня прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падаў у акруговую выбарчую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90 дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата.

Што цікава, прапусцілі прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты ў будынак Шклоўскага райвыканкама не адразу, а толькі пасля стараннай праверкі асабістых рэчаў спадара Кастусёва і суправаджаючага яго сябра. Супрацоўнік міліцыі на ўваходзе ў райвыканкам уважліва агледзеў змест сумак прадстаўнікоў Партыі БНФ, а пазней загадаў ім чакаць, а сам накіраваўся на пошукі прадстаўнікоў акруговай выбарчай камісіі.

Толькі пасля таго, як уніз спусціўся старшыня акруговай выбарчай камісіі Аляксандр Гурынаў, Рыгор Кастусёў і суправаджаючая яго асоба змаглі патрапіць у памяшканне акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90.

На думку актывістаў ПБНФ, такія захады для недапушчэння прамога доступу дэмакратычных прэтэндэнтаў у кандыдаты ў Шклоўскім райвыканкаме наладзілі пасля таго, як СМІ распавялі пра асаблівасці працы акруговай выбарчай камісіі Шклоўскай выбарчай акругі №90.

Старшыня акруговай камісіі Аляксандр Гурынаў прыняў у Рыгора Кастусёва дакументы аб яго вылучэнні кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з’ездам Партыі БНФ, сакратар камісіі Алена Пекерт зрабіла запіс аб рэгістрацыі дакументаў у адпаведным журнале.

Па словах чальцоў акруговай камісіі, Рыгор Кастусёў стаў трэццім прэтэндэнтам у кандыдаты, які падаў да іх у камісію дакументы на рэгістрацыю. Раней гэта ўжо зрабілі памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў і дырэктар ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Бялынічы імя М. І. Пашкоўскага” Таццяна Балдушэўская.

Па інфармацыі дэмакратычных актывістаў Бялыніччыны, ініцыятыўная група па вылучэнні ў кандыдаты ў дэпутаты жыхара Бялыніцкага раёна Алега Лістападава пакуль працягвае збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку яго вылучэння. Па стану на пачатак гэтага тыдня чальцы групы сабралі крыху больш за шэсцьсот подпісаў.

Працягваюць збор подпісаў і чальцы ініцыятыўнай групы бялыніцкага прадпрымальніка, актывіста “Гавары праўду” Пятра Шымбалёва. Колькасць сабраных подпісаў у падтрымку свайго прэтэндэнта ў кандыдаты яны пакуль не агалошваюць.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары