Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Крычаў: зацвярджэнне кандыдатур у склад участковых камісій прайшло без абмеркавання

У Крычаве 27 ліпеня адбылося пасяджэнне мясцовага райвыканкама, на якім было разгледжана пытанне аб зацвярджэнні складу ўчастковых выбарчых камісій у Крычаўскім раёне.

На пасяджэнні прысутнічаў назіральнік БХК у акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83 Сяргей Няроўны.

Па словах назіральніка, пасяджэнне райвыканкама працягвалася 1гадзіну 20 хвілін, на ім прысутнічала дзевяць з дванаццаці членаў Крычаўскага райвыканкама. Таксама на пасяджэнні прысутнічала і прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыня Крычаўскага райсавета Таццяна Марачкава.

Вёў пасяджэнне Крычаўскага райвыканкама яго старшыня Васіль Сысоеў. Васіль Васільевіч распавёў прысутным на пасяджэнні аб тым, што Цэнтральная выбарчая камісія рэкамендавала праводзіць абмеркаванне па кожнай вылучанай у склад участковай камісіі кандыдатуры. Аднак, у сувязі з тым, што ў Крычаўскім раёне ў склад участковых камісій няма альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, а таксама з-за правядзення ў раёне жніва, старшыня райвыканкама прапанаваў галасаваць па складу ўчастковых камісій спісам без абмеркавання. Прапанову Васіля Сысоева падтрымалі іншыя чальцы райвыканкама.

Былі зачытаны прозвішчы членаў участковых камісій з указаннем, дзе чалавек працуе і якім шляхам ён вылучаўся ў склад участковай камісіі. Галасаванне па складу кожнай участковай камісіі адбывалася спісам без абмеркавання кандыдатур.

Усяго ў Крычаўскім раёне былі створаны 24 участковыя выбарчыя камісіі, у склад якіх увайшло 253 чалавекі. Партыйных прадстаўнікоў сярод чальцоў камісій толькі два чалавекі, абодва яны прадстаўляюць Камуністычную партыю Беларусі.

Сяргей Няроўны адзначыў, што большасць чальцоў участковых выбарчых камісій “з вопытам працы”, яны ўжо неаднаразова ўдзельнічалі ў камісіях падчас разнастайных выбарчых кампаній. Таксама назіральнік кажа пра тое, што ў склад сельскіх участковых выбарчых камісій увайшло даволі шмат прыбіральшчыкаў, вартаўнікоў і трактарыстаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары