Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Празрыстае фінансаванне ўсіх этапаў выбарчай кампаніі - крок да справядлівых выбараў

У межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” юрыст Павел Сапелка прааналізаваў магчымасці ўдзельнікаў парламенцкіх выбараў пры падрыхтоўцы і правядзенні электаральнай кампаніі праз прызму нормаў выбарчага заканадаўства, якія рэгулююць пытанні фінансавання, і суаднёс іх з міжнароднымі стандартамі ў гэтай галіне. Выявіліся сітуацыі, якія ўказваюць на няроўнасць кандыдатаў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацавала агульнае правіла, паводле якога выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. У выпадках, прадугледжаных законам, выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб'яднанняў, прадпрыемстваў, установаў, арганізацый, грамадзянаў.

Як справядліва заўважыла Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія), рэгуляванне фінансавання выбарчых кампаній неабходна для абароны дэмакратычнага працэсу. «У выпадку неабходнасці гэта дасягаецца і шляхам абмежавання выдаткаў. Як указана ў Заўвазе агульнага парадку №25 Камітэта па правах чалавека ААН, «разумнае абмежаванне выдаткаў на выбарчую кампанію можа быць апраўданым у тых выпадках, калі неабходна гарантаваць, што свабодны выбар выбаршчыкаў не прадвызначаны альбо што дэмакратычны працэс не скажоны несувымернымі выдаткамі ў інтарэсах якіх бы там ні было кандыдатаў ці партый». Адным з галоўных кампанентаў такой прававой пабудовы з'яўляецца патрабаванне празрыстасці. Пры распрацоўцы парадку выдзялення сродкаў і складання справаздачнасці пра іх выдаткоўванні як падчас, так і па-за афіцыйнымі выбарчымі перыядамі варта кіравацца патрабаваннямі забеспячэння празрыстасці ў адпаведнасці з прынцыпамі, выкладзенымі ў Канвенцыі ААН супраць карупцыі і ў адпаведных рэкамендацыях Савета Еўропы»[1].

Пытанні, якія тычацца парадку стварэння выбарчых фондаў кандыдатаў у дэпутаты і ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь знайшлі сваё заканадаўчае рэгуляванне ў Выбарчым кодэксе, падрабязнае - пасля ўнясення ў Кодэкс адпаведных зменаў у 2013 годзе.

Таксама Выбарчы кодэкс вызначыў парадак прадастаўлення кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў (парламента) і ў Прэзідэнты магчымасці апублікаваць сваю праграму ў друкаваных выданнях і выступіць ва ўстаноўленым парадку на радыё і па тэлебачанні. Кандыдатам бясплатна прадастаўляюцца памяшканні для сустрэчаў з выбаршчыкамі.

За кошт бюджэтных сродкаў выбарчыя камісіі павінны вырабляць і распаўсюджваць друкаваныя матэрыялы з інфармацыяй пра кандыдатаў.

Такім чынам, пры належным выкананні закона ўсімі суб'ектамі выбарчага працэсу і іх добрасумленных паводзінах, кандыдаты і іх ініцыятыўныя групы могуць бесперашкодна ажыццяўляць вылучэнне і агітацыю за кандыдата.

Разам з тым, існуючыя недахопы і хібы заканадаўчага рэгулявання робяць магчымымі рознага роду парушэнні і злоўжыванні, якія скажаюць справядлівасць[2] выбараў. У параўнанні з непразрыстым падлікам галасоў, гэтыя парушэнні, вядома, у меншай ступені ўплываюць на вынікі выбараў, аднак таксама патрабуюць рэакцыі заканадаўцаў.

Выбарчае заканадаўства не гарантуе роўнасці кандыдатаў у аб'ёме асвятлення іх дзейнасці дзяржаўнымі тэлерадыёкампаніямі.

Гэта дазваляе кандыдатам, лаяльным да ўлады, рэгулярна, значна часцей за апанентаў з'яўляцца, напрыклад, у эфіры татальна кантралюемага дзяржавай тэлебачання на вонкава добрапрыстойных падставах, у тым ліку - пад выглядам асвятлення іх бягучай службовай або грамадскай дзейнасці. Але тое, што фармальна не парушае закон, тым не менш, карэнна мяняе суадносіны аб'ёму рэсурсаў кандыдатаў:

праўладныя кандыдаты атрымліваюць дадатковую рэкламу, не аплочваючы яе са сродкаў свайго фонду, а выдаткі на такую рэкламу не ўлічваюцца сярод іх выдаткаў.

Гэта сведчыць пра невыкананне патрабаванняў міжнародных дакументаў аб празрыстасці фінансавання выбарчых кампаній.

Практыка арганізацыі збору подпісаў у падтрымку кандыдата спарадзіла праблему фінансавання гэтага этапу выбарчай кампаніі: нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс накладае абавязкі рабіць выдаткі на кампанію выключна праз выбарчы фонд,

засталосяся неўрэгуляваным пытанне фінансавання дзейнасці ініцыятыўнай групы па вылучэнні дэпутата парламента да яго рэгістрацыі ў якасці кандыдата.

Кодэкс прадугледзеў, як адзін са спосабаў збіраць подпісы ў падтрымку вылучэння, арганізацыю пікетаў, але не прадугледжвае ўмоваў і абмежаванняў па выкарыстанні там інфармацыйных сродкаў - плакатаў, банераў і да т.п., абмяжоўваючыся забаронай на агітацыю і раздачу любых друкаваных матэрыялаў. І хоць не выклікае сумневаў, што любыя выдаткі на правядзенне такіх пікетаў павінны пакрывацца з нейкіх крыніцаў, паколькі для збору подпісаў характэрна выкарыстанне плакатаў з выявай кандыдатаў, з іх біяграфіяй, задача легальна вызначыць правілы для фінансавання засталася актуальнай.

У працэсе ўнясення зменаў у Выбарчы кодэкс у апошнія гады заканадаўца ўрэгуляваў пытанне фінансавання этапу вылучэння кандыдатам толькі для ўдзельнікаў выбараў Прэзідэнта: асоба, якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, для аплаты расходаў і паслугаў, звязаных са зборам подпісаў выбаршчыкаў, у тым ліку для аплаты працы сяброў ініцыятыўнай групы грамадзянаў па вылучэнні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, мае права стварыць уласны выбарчы фонд і выкарыстоўваць сродкі гэтага фонду ў адпаведнасці з патрабаваннямі, прадугледжанымі гэтым артыкулам. Для адкрыцця спецыяльнага выбарчага рахунку кандыдат прадстаўляе ў банк заяву і копію рашэння Цэнтральнай камісіі аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзянаў па вылучэнні яго кандыдатам.

Такім чынам, норма часткі 8 артыкула 48 Выбарчага кодэкса, якая замацавала правіла, паводле якога палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь не маюць права аказваць іншую матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты, не выконваецца, і ўмоваў для яе рэалізацыі законам не створана.

Канвенцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый супраць карупцыі[3] абавязала Беларусь разглядаць магчымасць прыняцця належных заканадаўчых і адміністрацыйных мераў у адпаведнасці з мэтамі Канвенцыі і асноватворнымі прынцыпамі свайго ўнутранага заканадаўства, з тым каб узмацніць празрыстасць у фінансаванні кандыдатураў на абіраемыя публічныя пасады.

Канвенцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод у дзяржавах - удзельніцах СНД[4] устаноўлены наступныя стандарты для даходаў і выдаткаў удзельнікаў выбараў:

акрамя забароны на замежнае фінансаванне, дзяржава павінна забяспечыць адкрытасць і празрыстасць усіх грашовых ахвяраванняў кандыдатам, палітычным партыям, якія ўдзельнічаюць у выбарах, з тым каб выключаліся забароненыя заканадаўствам ахвяраванні як кандыдатам, так і палітычным партыям, якія вылучылі кандыдатаў на выбарах.

Падводзячы вынік, варта звярнуць увагу заканадаўцы на істотныя недахопы заканадаўства аб фінансаванні вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, а таксама на адсутнасць правілаў для СМІ, якія абмяжоўваюць асвятленне дзейнасці, у тым ліку службовай, аднаго кандыдата без падобнага асвятлення дзейнасці іншых кандыдатаў.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" з'яўляецца незалежнай і не ставіць мэтай падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць выключна зыходзячы з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраванні сваёй краінай.

[1] Кіруючыя прынцыпы прававога рэгулявання дзейнасці палітычных партый (Прынятыя Венецыянскай камісіяй на 84-м плянарным паседжанні. Венецыя, 15-16 кастрычніка 2010 г.) 

[2] Захаванне прынцыпа справядлівых выбараў забяспечвае стварэнне роўных прававых умоваў для ўсіх удзельнікаў выбараў – п.1 арт.10 Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах-удзельніцах СНД (7 кастрычніка 2002 г., Кішынёў) 

[3] Канвенцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць карупцыі (Прынята рэзалюцыяй 58/4 Генеральнай асамблеі ад 31 кастрычніка 2003 г.) 

[4] Канвенцыя аб стандартах дэмакратычных выбараў аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах-удзельніцах СНД (7 кастрычніка 2002 г., Кішынёў); ратыфікаваная Беларуссю ў 2014 г.   


Каментары