Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Смаргонь: дакументы па вылучэнні ў склад участковых камісій зноў сталі таемнай інфармацыяй

Смаргонь. Паседжанне выканкаму па фармаванні ўчастковых камісій.
Смаргонь. Паседжанне выканкаму па фармаванні ўчастковых камісій.

   На паседжанні Смаргонскага райвыканкама 26 ліпеня сфармавана 40 участковых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
Прадстаўнікі выканкама прыйшлі да высновы, што абмеркаванне кожнай кандыдатуры з 426 прапанаваных, як таго патрабуе ЦВК, зойме вельмі шмат часу. А таму вырашылі, што можна галасаваць за склад кожнай асобнай камісіі цалкам.
   На просьбу назіральніка-праваабаронцы Алеся Дзергачова дазволіць азнаёміцца з дакументамі па вылучэнні ў склад камісій паступіў  адмоўны адказ. Маўляў, гэта выходзіць за рамкі паўнамоцтваў назіральніка ад грамадскага аб’яднання. На рэмарку Алеся Дзергачова, што гэта пытанне галоснасці выбараў паводле артыкула 13 Выбарчага кодэкса, адказалі, што гэта “не той выпадак”.  Між тым, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах такая магчымасць Алесю Дзергачову была прадстаўлена. Але гэта скончылася тым, што ім  было выяўлена парушэнне, і райвыканкам мусіў выключыць са складу адной камісіі незаконна ўключанага грамадзяніна.  Паўторна на тыя ж граблі райвыканкам вырашыў не наступаць.

Пасля галасавання па складзе ўчастковых камісій Алесь Дзергачоў задаў пытанне, чаму камісіі сфармаваны па вытворчаму прынцыпу, г. зн. многія  цалкам створаны з прадстаўнікоў адной арганізацыі на чале з дырэктарам, што пазбаўляе такія камісіі незалежнасці. На гэта паступіў адказ, што гэта не пярэчыць заканадаўству, а гарантыя незалежнасці – сумленнасць чальцоў камісій.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары