Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: месцаў для агітацыі стала больш

Бабруйск. Адно з агітацыйных мерапрыемстваў падчас парламенцкіх выбараў 2012 года.
Бабруйск. Адно з агітацыйных мерапрыемстваў падчас парламенцкіх выбараў 2012 года.

Калі параўноваць з мінулымі выбарамі ў ПП НС, умовы для агітацыі ў Першамайскай і Ленінскай акругах у Бабруйску палепшыліся. Гэтым разам раённыя адміністрацыі вызначылі не адно,  а некалькі памяшканняў для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі, і ўсе яны размешчаны ў розных кутках акругаў. Што тычыцца адкрытых пляцовак, у 2012 годзе было вызначана ўсяго пару месцаў на задворках, зараз пад пікетаванні можна самастойна абраць больш шматлюдныя месцы, але адштурхоўвацца трэба ад спісу забароненых месцаў (тых, што траплялі пад забарону і падчас збору подпісаў). 

У Першамайскім раёне мясцовыя ўлады вызначылі чатыры памяшканні для правядзення сустрэч кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб з выбаршчыкамі, а таксама для перадвыбарчых сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі. Традыцыйна ў спіс трапіла актавая зала Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (Мінская-100), яе добра ведаюць удзельнікі розных выбарчых кампаній. Правесці сустрэчы можна будзе ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў імя Алоўнікава (Ульянаўская-35А), чытальнай зале бібліятэкі імя Мікуліча (пр-т Будаўнікоў, д.56 к.1), актавай зале Камбіната жалезабетонных вырабаў (Арджанікідзэ-54). Таксама кандыдаты могуць паспрабаваць дамовіцца з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, каб правесці сустрэчы ў іх актавых залах.

Вулічныя сходы, мітынгі і пікетаванні нельга будзе праводзіць у месцах, якія патрапілі пад забарону і падчас збору подпісаў. 

Для размяшчэння друкаваных інфармацыйна-агітацыйных матэрыялаў можна выкарыстоўваць інфармацыйныя стэнды, размешчаныя на ўчастках для галасавання (без уліку памяшкання для галасавання), інфармацыйныя шчыты, размешчаныя каля жыллёва-эксплуатацыйных участкаў Першамайскага раёна (Арлоўскага-27, Гарэліка-4, Ракасоўскага-78, Лынькова-12, Арджанікідзэ-42, б-р Прыбярэзінскі-21, 50 год ВЛКСМ-19), рэкламныя шчыты на скрыжаванні вуліцы Батава і праспекта Будаўнікоў, на канцавым прыпынку аўтобуса №18 (6-ы мікрараён), на прыпыначных пляцоўках на скрыжаванні вуліц Ульянаўская і Арджанікідзэ, прыпыначных пляцоўках па Ракасоўскага (аўтакааператыў), прыпыначным пункце "Кісялевічы".

За парадкам на пікетаваннях будуць сачыць чыноўнікі з адміністрацыі раёна, - намеснік кіраўніка па сацыяльных пытаннях, начальнік і галоўныя спецыялісты аддзела ідэалогіі (яны ж надзелены паўнамоцтвамі складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях і падрыхтоўку спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях да разгляду) і супрацоўнікі міліцыі.

Адміністрацыя Ленінскага раёну забараніла для вулічных сходаў дзве плошчы - Леніна і Перамогі; тэрыторыі, што размешчаны на адлегласці менш за 50 метраў ад аб'ектаў чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту (вакзалы, станцыі, пасадачныя платформы), мастоў і пуцеправодаў; тэрыторыі, размешчаныя на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, суда, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць і бяспеку дзяржавы, навучальных устаноў, дзіцячых дашкольных устаноў.

Чыноўнікі вызначылі чатыры памяшканні для правядзення сходаў і сустрэч з кандыдатамі. Гэта актавая зала Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (Чангарская-79Б), глядацкая зала дома культуры УП "Універсал Бабруйск" ГА "Беларускае таварыства глухіх" (Маркса-30), актавая зала падлеткавага клуба "Лотас" (б-р Маладзёжны-5). Чацвёртае месца, глядацкая зала Цэнтра культуры і вольнага часу (зав. Пяшчаны-22) - вызначана для выбаршчыкаў Сельскай акругі.

Размяшчаць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы можна на інфармацыйных стэндах, размешчаных на ўчастках для галасавання, інфармацыйных стэндах жыллёва-эксплуатацыйных участкаў: ЖЭУ №1 (Горкага-41), ЖЭУ №2 (Лібкнехта-64), ЖЭУ №4 (Коўзана-5), ЖЭУ №5 (Мінская-20), ЖЭУ №7 (Мінская-105), ЖЭУ №13 (зав.Тухачэўскага-2Б).

Таксама кандыдатам і іх камандам можна паспрабаваць дамовіцца наконт правядзення сустрэч і размяшчэння агітматэрыялаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

За парадкам падчас правядзення сустрэч з выбаршчыкамі на тэрыторыі Леніскага раёну будуць сачыць супрацоўнікі міліцыі і чыноўнікі з адміністрацыі: начальнік, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы, начальнік і галоўныя спецыялісты аддзела ідэалогіі (яны надзелены паўнамоцтвамі па складанні пратаколаў па арт. 9.10 КаАП РБ (за парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, аб адклiканнi дэпутата і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян), арт. 9.7 КаАП РБ (замінанне правядзенню сходу, мітынгу, дэманстрацыі, шэсця, пікетавання або ўдзелу ў іх), арт. 9.11 КаАП РБ (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне друкаваных матэрыялаў, якія адносяцца да выбараў, рэферэндуму).

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары