Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Жодзіна: участковыя камісіі сфармаваны на безальтэрнатыўнай аснове

Кабінет у Жодзінскім выканкаме, дзе адбывалася паседжанне па фармаванні ўчастковых камісій. Фота А. Лапіцкага
Кабінет у Жодзінскім выканкаме, дзе адбывалася паседжанне па фармаванні ўчастковых камісій. Фота А. Лапіцкага

26 ліпеня ў жодзінскім гарвыканкаме адбылося паседжанне па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій, якое вёў старшыня выканкаму Міхаіл Амельянчук. На паседжанне быў дапушчаны назіральнік ад кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі, які падаваў адпаведны пісьмовы запыт і быў запрошаны па тэлефоне за дзень да падзеі. Абвестку пра паседжанне сваечасова апублікавала акруговая камісія Жодзінскай акругі №64 на сваёй старонцы афіцыйнага сайту выканкаму.

Старшыня паседжання адразу негатыўна выказаўся наконт фатаграфавання ў зале паседжанняў, вынес пытанне на галасаванне і абсалютнай большасцю галасоў прысутных забараніў назіральніку фатаграфаваць на мерапрыемстве.

Адзінагалосным рашэннем быў вызначаны колькасны склад участковых камісій - па 11 чалавек на УВК (5 - на закрытым “бальнічным участку”), пасля чаго прысутныя зацвердзілі ўсе прапанаваныя кандыдатуры. Колькасць прапаноў цалкам супала з вызначаным у папярэднім галасаванні колькасным складам УВК. Былі зачытаны дадзеныя пра месца працы, партыйнасць ці ўдзел у аргструктурах (у асноўным БСЖ, Чырвоны Крыж, Прафсаюз работнікаў адукацыі, БРСМ, “Белая Русь”, ветэранскія арганізацыі), досвед у выбарчых кампаніях (праца і пасады ва УВК розных гадоў), спецыяльныя навыкі, некаторыя прафесійныя ці чалавечыя якасці, а таксама спосаб вылучэння ў камісію ўсіх 258 прэтэндэнтаў (5 прэтэндэнтаў не ўлічваліся адразу з-за памылак у пададзеных для вылучэння дакументах).

Вылучэння ў склад жодзінскіх УВК ад партый не было зусім.

“Усе камісіі, як і раней, аказаліся сфармаваныя па вытворчай альбо галіновай прыкмеце і маюць касцяк з правераных наменклатурна-кіруючых кадраў,” – адзначыў Аляксей Лапіцкі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле  Lićviny-INFA


Каментары