Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Крычаве акруговая камісія распачала праверку падпісных лістоў

26 ліпеня ў Крычаве адбылося пасяджэнне акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83, на якім было разгледжана пытанне аб праверцы падпісных лістоў з подпісамі выбаршчыкаў, пададзеных за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў двух прэтэндэнтаў у кандыдаты.

Па словах назіральніка ад БХК у акруговай камісіі Сяргея Няроўнага, яно цягнулася нядоўга, усяго 22 хвіліны. На пасяджэнні прысутнічала 12 з 13 чальцоў акруговай камісіі, за ходам пасяджэння назіралі чатыры назіральнікі – ад БХК, БРСМ, Беларускага фонду міра і Беларускага саюза жанчын.

Дакументы на рэгістрацыю акруговую камісію ўжо падалі два прэтэндэнта ў кандыдаты -  старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, член КПБ Таццяна Марачкава і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач  Чэрыкаўскага раёна Людміла Шматава.

Таццяна Марачкава вылучана кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адначасова шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і рашэннем з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Ініцыятыўная група сабрала за вылучэнне кандыдатам старшыні Крычаўскага райсавета аж цэлых 15 273 подпісаў выбаршчыкаў – 6930 у Крычаўскім раёне, 2955 у Клімавіцкім, 3470 у Чэрыкаўскім і 1918 у Хоцімскім раёне.

Нагадаем, што раней назіральнік Сяргей Няроўны звяртаўся ў акруговую выбарчую камісію з просьбай праверыць інфармацыю аб тым, што ў ААТ “Крычаўцаменташыфер” подпісы за вылучэнне Таццяны Марачкавай збіралі ў працоўны час. Намеснік старшыні камісіі, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мяшкура адказаў назіральніку, што “факты не зусім пацвердзіліся”, бо подпісы ў падтрымку кандыдата на ААТ “Крычаўцаменташыфер” сапраўды збіраліся, але нібыта не ў працоўны час і нібыта не на працоўных месцах, работнікі прадпрыемства ўсё не так зразумелі.

Між тым рабочыя прадпрыемства  пазней зноў пацвердзілі, што намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцаменташыфер” па ідэалогічнай працы, кадрах і сацыяльных пытаннях Жана Кустрэй у працоўны час хадзіла па цахах прадпрыемства і заклікала падпісвацца за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты крычаўскай чыноўніцы Таццяны Марачкавай.

Людміла Шматава перадала ў акруговую камісію падпісныя лісты з 2328 подпісамі выбаршчыкаў у падтрымку свайго вылучэння кандыдатам. За вылучэнне галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна падпісалася 289 выбаршчыкаў у Клімавіцкім раёне, 115 – у Крычаўскім і 1924 у Чэрыкаўскім раёне.

Камісія адабрала для правядзення праверкі сапраўднасці 20% ад здадзеных подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Падпісныя лісты былі размеркаваны для праверкі паміж чальцамі акруговай камісіі Крычаўскай выбарчай акругі №83. Сапраўднасць подпісаў, пададзеных за вылучэнне Таццяны Марачкавай, будзе правяраць намеснік старшыні камісіі, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела Крычаўскага райвыканкама Міхаіл Мяшкура.

Выбарчая камісія вырашыла, што на праверку сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў, пададзеных за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты, будзе адведзена тры дні. У пятніцу 29 ліпеня ў 16-00 адбудзецца пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі, на якім будуць агучаны вынікі яе працы.

Па меркаванні Сяргея Няроўнага, менавіта Таццяна Марачкава з’яўляецца асноўным вылучэнцам ад улады, які і зойме месца ў Палаце прадстаўнікоў. Людміла Шматава выконвае ролю своеасаблівага дублёра  для стварэння альтэрнатывы на той выпадак, калі іншыя прэтэндэнты ў кандыдаты перадумаюць вылучацца.

Разам з тым у журналістаў крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” з’явілася інфармацыя, якая ставіць пад сумнеў дакладнасць пададзеных Таццянай Марачковай у акруговую камісію дакументаў. Камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу Марачковай, як сябра КПБ, 8 ліпеня 2016 года. Аднак чальцы Крычаўскай раённай арганізацыі КПБ сцвярджаюць, што Таццяна Марачкава была прынята ў склад партыйнай арганізацыі на яе пасяджэнні, якое адбылося толькі 12 ліпеня 2016 года. У прыватнасці, гэту інфармацыю пацвярджае пенсіянер, член КПБ Уладзімір Ушакоў, ініцыятыўнай группе за вылучэнне якога акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 адмовіла ў рэгістрацыі на падставе артыкула 65 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і яшчэ некалькі чальцоў раённай арганізацыі КПБ.

Таксама журналісты “Вольнага горада” кажуць пра тое, што ў Крычаўскім раёне зафіксавана шмат выпадкаў выкарыстання адміністрацыйнага рэсурса пры зборы подпісаў у падтрымку вылучэння Таццяна Марачкавай.

Нагадаем, што ўсяго акруговая выбарчая камісія Крычаўскай выбарчай акругі №83 зарэгістравала 6 ініцыятыўных груп па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: следчага Магілёўскага межрайаддзела Следчага камітэта Паўла Зініна, геолага “НДІ Белгіпрапалгаз” Генадзя Сугакова, майстра ААТ “Крычаўцаменташыфер” Юрыя Строцкага, галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Чэрыкаўскага раёна Людмілы Шматавай, старшыні Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў, члена КПБ Таццяны Марачковай і сябра аргкамітэта па стварэнню партыі БХД з Магілёўскага раёна Таццяны Шамбалавай.

У дадатак да гэтага Таццяна Шамбалава вылучана кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 на партыйным з’ездзе АГП. На з’ездзе Партыі БНФ 23 ліпеня кандыдатам у дэпутаты па гэтай жа акрузе вылучаны хоцімскі актывіст Валерый Каранкевіч.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары